Старонка:Краб (1930).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ДРУГІ

У кватэры Ягора. Па сьценках малюнкі па прыродазнаўству, глёбус і другія рэчы. Ля дзьвярэй лава; на ёй драўлянае вядро і конаўка. Мікола сядзіць ля адчыненага акна і чуе, як на вуліцы нехта грае на гармоніку; потым зачыніў акно і заплакаў.

Уваходзіць Ахрэм (з дубчыкам у руках).

Ахрэм (падышоў да Міколы, сеў). Сумуеш?.. Горка на старасьці зьнявагу цярпець!..

Мікола. Што скажаш добрага?..

Ахрэм. Адпачыць да цябе прышоў…

Мікола. Будзь ласкаў!..

Ахрэм. І сягоньня на волас не заснуў, усю ноч перавозіў!..

Мікола. А мо’ жандары і майго Ягорку куды павезьлі?

Ахрэм. Ягор у дэфэнзыве!.. Мы за гэтым сачым…

Мікола. І старасьці няма пры кім дажыць! (Заплакаў).

Ахрэм. Ня плач, на ўсіх сьлёз ня хопіць! Вось у мяне сыны былі, думаў, пашануюць старасьць… Усе пагінулі — хто на вайне, а хто так, адзін, як той пень, застаўся!.. Ня плач, ня родны-ж ён табе!..