Старонка:Краб (1930).pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

Шпег (набраў вады, напіўся, пасьля дастаў рэвольвэр і паклаў яго за вядро). Бывайце здаровы! (Пашоў).

Уваходзіць Алеся.

Алеся. Добры дзень!.. Хто гэта ў вас быў?..

Мікола. Нейкі калека… Ці мала іх?.. А чаму пытаешся?..

Алеся. Ды так!.. Гаварыў аб чым, пытаўся?..

Мікола. Жаліўся на сваю долю!.. Казаў, — душаць палякі, уцякаць хоча!..

Алеся. А не казаў куды?..

Мікола. Туды, да нашых!..

Алеся. Ага, цікава!.. Аб чым яшчэ пытаўся?..

Мікола. Прасіў парады — дапамогі, каб праз граніцу перабрацца…

Алеся. Ну, і што?..

Мікола. Я маўчаў… Якая мая справа!..

Алеся. А далей?..

Мікола. Ну і ўсё!.. Вады напіўся і пашоў…

Алеся. Далей парога не хадзіў?..

Мікола. Вось тут стаяў…

Алеся (падышла да лавы і хутка выцягнула з-за вядра рэвольвэр). Ага!.. Дзядзька Мікола! Вы бачыце?..

Мікола. Гэта ж скуль?..

Алеся. Эх, дзядзька Мікола!.. Які вы нездагадлівы!.. Гэта-ж вам жабрак падаруначак на памяць пакінуў!..