Старонка:Краб (1930).pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

Макрына. А ты пашкадаваў, прыехаў!..

Мікола. Бяз памяці ляцелі!..

Макрына. Ну і ляці сабе назад!.. Паненка жыва!..

Мікола. Вось і добра! Вялікая, можна сказаць, радасьць! А дзе-ж вучыцель? Ня ведаеш?

Макрына. Гэта твой?

Мікола. Але — Ягорка!

Макрына. Ён цяпер ня вучыцель, а жабрак!..

Мікола. Але, бядак: дні два сядзеў, зьневажалі!..

Макрына. Так і трэба мяцежнікам!..

Мікола. Выбачай, родная, ня чую: на вайне з гарматаў страляў!..

Макрына. Тады сядзі на печы і ня швэндайся па хатах!..

Мікола. Але, у латах!.. Увесь у латах… ведама бедны!..

Макрына. Ото, глухі цецярук!..

Мікола. Школу зачынілі, у службе адмовілі, а за што, пытацца?!.

Макрына. А за тое, што супроць паноў пашлі! Трэба галаву ніжэй трымаць!..

Мікола. Ён увесь час з беднымі, і яна-ж дапамагала беднаце!..

Макрына. Як рабіла, так і мае! Цягала мужыкоў, цягала, а цяпер сама ляжыць!..

Мікола. Добрая дзяўчына! Ай, добрая! Няхай бы сабе жаніліся, я згодзен!