Старонка:Краб (1930).pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ЧАЦЬВЕРТЫ

Сход сялян. Грамада народу. З боку стол, за ім стаіць прадстаўнік асьветы, за сталом сакратар. На стале званок і належныя для пісаньня прылады. Чуваць вялікі гоман.

Прадст. асьветы. Але-ж цішэй!.. Так-жа ня можна, панове!.. Панове!..

Селян. 1-ы. Ды якія мы панове!

Алеся. Панове ў лапцёх. Няхай даюць школы і ня клічуць панамі! (Гоман).

Прадст. асьветы (чакае, калі скончыцца гоман, які сам па сабе заціх). Ну, ці доўга будзе так?! (Паўза). Значыць, балючае пытаньне — школы!

Усе.— Але, школы!
— Давайце іх чым хутчэй!..
— Нашы, беларускія!..

Пр. асьв. Але-ж пакіньце лапатаць! Што гэта… маёўка якая?

Селян. 1-ы. Дзетак вучыць трэба, а школы пазачынялі!..

Пр. асьв. Пазачынялі! Што ж гэта, па-вашаму, — мы школы зачынілі так сабе? Не, мае дарагія! На гэта вялікія прычыны ёсьць! Эпідэмія, мор!.. Спынім эпідэміі, адчынім школы!.. (Нешта шэпча сакратару).