Старонка:Краб (1930).pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

Пр. асьв. Вельмі рад, вельмі рад! Прымем пад увагу і даложым пану старосьце!.. Ён, напэўна, і дасьць згоду. (Да сакратара).

Алеся (у бок). Каб ён так дыхаў!

Баба 1-я. Калі-ж гэта будзе?

Баба 2-я. Абяцанкамі адно кормяць!

Пр. асьв. Ня так!.. У нас закон, каб ісьці насустрач беларусінам!..

Алеся. З ражном! (Сказала, а сама схавалася. Усе зарагаталі).

Пр. асьветы. Што гэта за падбрэхавіч?!. Хто там дыскрэдытуе польскую ўладу?.. Панове, трэба-ж ведаць, што казаць! Я буду маўчаць, калі вы будзеце абгаварваць справу, але калі вы пачнеце зачапляць жонд польскі, выбачайце, я на сваё месца паклічу жандара!..

Жук. Паночку, не палохайце нас!.. І так жыць нельга, давайце-ж лепш школы, вучыцца хачу!..

Пр. асьв. Ах ты, гультай! Табе ўжо жаніцца пара, пражывеш і бяз школы! Позна!

Жук. А чаму прыказка кажа, што вучыцца ніколі ня позна.

Пр. асьв. Э, глупства гэта кажуць!

Хлап. 2-і. Паночку! І я з тым самым пытаньнем да вас!.. Вось яны (на сялян) хочуць школу беларускую, а я вось хацеў бы сваю родную, яўрэйскую…

Пр. асьв. Ну, яшчэ чаго там захацеў! Жыдоўскіх школ нідзе няма!..

Жук. Ну, як-то няма?