Старонка:Краб (1930).pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

Пр. асьв. А раз так, папытаемся! Хто хоча? (Агульны гоман — «Усе!». Селянін 4-ы (нямы). Пачаў мычэць, паказваючы рукою, што ў яго многа дзяцей).

Пр. асьв. Ніц не разумем!..

Селян. 1-ы. Ён нямы, шасьцёра дзяцей вучыцца хочуць!

Пр. асьв. Панове, перш чым пытацца ўва ўсёй грамады, я хачу ведаць паасобку, хто за беларускія школы, хто супроць?..

Макрына (яна стаяла ззаду). Дазвольце рэкнуць і мне.

Пр. асьв. Калі ласка, калі ласка!

Галасы.— Ды што яна скажа?!.
— Яна выраклася нас!..

Пр. асьв. Але-ж дайце сказаць! Проша, пані!.. Слухаем!..

Баба 1-я. Штурхаецца, як карова, а яшчэ пані! (Агульны рогат).

Макрына (падышла да стала; яна апранута вельмі комэдыйна — на ёй паношаная панская вопратка, на галаве капялюшык. Адкашляўшыся). Я век, значыцца, пражыла ў школе, са званком за мужычымі дзяцьмі бегала!.. Быў цар, была школа — ні тое, ні сёе… Пасьля зьявіліся немцы, таксама — ні сёе ні тое, а як прышлі паны, зусім другое, тут ужо і сёе і тое!.. Яны, значыцца, адчынілі школы польскія, а мужычыя пазачынялі, і добра зрабілі! (Агульны гоман протэсту).

Пр. асьв. Панове, панове, цішэй!