Старонка:Краб (1930).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

матачка найсьвеншая, цьфу ты, — зноў… і калі гэта я пазбудуся сьвятых!

Алеся (у дзьвярох). Гэп! (Схавалася).

Ахрэм (спалохаўшыся). Матачка найсьвеншая, цьфу ты, зноў! Во мара праклятая: яна тут!.. Маўчы, Ахрэм! Нешта мусі быць!..

Уваходзіць Макрына.

Макрына. А ты чаго, мядзьведзь, прывалокся?

Ахрэм. Рукі апаласкаць прышоў.

Макрына (зьдзіўлена). Рукі апаласкаць? Ці табе мала вады ў Нёмне? Вымятайся, адсюль! (Выпіхвае яго).

Ахрэм. Чакай, чакай! Паслухай, што скажу!

Макрына. Ня хочу нічога слухаць, прэч адсюль!..

Ахрэм. Але-ж пакінь штурхацца, слухай, што скажу: мяне вучыцелька прыслала.

Макрына. Вучыцелька? Пашто?

Ахрэм. Памінкі спраўляць будзем! Вось і гарэлка (дае бутэльку), а ты закуску дай!

Макрына. Па ком памінкі, што ты пляцеш?

Ахрэм. Па мне!

Макрына. Ты-ж не памёр!

Ахрэм. Адыходжу!

Макрына. Куды-ж гэта ты?

Ахрэм. Туды, дзе праўда жыве!

Макрына. Ты, дзед, ашалеў! Дзе ж лепшае жыцьцё, як тут?

Ахрэм. Гэта табе, а я пашкандыбаю!