Старонка:Краб (1930).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

Макрына. Ну, і ідзі да ліха! Апроствай хату!

Ахрэм. Павінен пачакаць вучыцельку!

Макрына. Тады ня тупай, як мядзьведзь! Сьлядоў не рабі, лапатнік!

Ахрэм. А ты хто, дзе твае лапці?

Макрына. Овшэм, ужо няма! Я ў боціках! (Вышла).

Ахрэм (рагоча). Ой, ой, ня вытрымаю, да чаго дайшла дурная баба! (Доўга сьмяецца, а потым падышоў да дзьвярэй, дзе Алеська). Алеся, Алеська! Адгукніся, параду дай, што рабіць! (Паўза). Маўчыць, Алеська! Як-жа быць, сягоньня ж трэба адыходзіць!

Уваходзіць афіцэр.

Афіцэр. А ты чаго тут?

Ахрэм. Па загаду вучыцелькі!

Афіцэр. А дзе яна? там? (на бакоўку).

Ахрэм. Ды не, там няма нікога!

Афіцэр. А з кім ты гаварыў?

Ахрэм. Сам з сабою!

Афіцэр. А ты ня ведаеш, дзе гэта, ну як яе, Алеська?

Ахрэм. Алеська?.. якая?.. — Ня ведаю такой!

Афіцэр. Вось табе і гаспадар; пакуль зьвярнуўся — птушка ўцякла! Нездарма прыказка кажа: — За двума зайцамі пагонішся, ніводнага ня зловіш! А дзе-ж вучыцелька?

Ахрэм. Зараз прыдзе! Была на беразе, начальства аглядала тую ўтопленіцу!

Афіцэр. І што кажуць?