Старонка:Краб (1930).pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ПЕРШЫ

На беразе Нёмна: стаіць шалаш, човен; ля дарогі слуп з таблічкай, белым арлом і надпісам: „Весь Шчорсы Паньства Польскего“. Недалёчка ад слупа два пянькі. Ля шалаша сьпіць перавозьнік Ахрэм.

Зьяўляюцца Алеся і Параска.

Алеся. Ды хадзем, хадзем!.. Ужо зусім недалёчка, вунь яна за кустом ляжыць… Бачыш?..

Параска (упіраючыся). Не, мая даражэнькая, не пайду…

Алеся. Няўжо палохаешся?..

Параска. Баюся! Удзень гляну, уначы зьявіцца!..

Алеся. Няўжо яна цябе ўкусіць?..

Параска. Ды неяк вусьцішна!..

Алеся. А ты перажагнайся, страх і адчэпіцца!..

Параска. Ды каб і хацела перажагнацца, дык няма на што… Хоць бы маленькі крыжык!..

Алеся (паказваючы на слуп). А во!..

Параска. Ты хіба здурнела: гэта ж слуп — дрэва!..

Алеся. І крыж — дрэва. Усё-ж роўна!..

Параска. Гэта табе мо’ ўсёроўна, бязбожніца, а мне патрэбен крыж і абразок сьвяты…

Алеся. А хіба-ж ня бачыш? Ёсьць — пятух, глянь на яго дый маліся!..