Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

прышлі ўсім сялом паслухаць, што напісаў вучыцель, і падпісаць пэтыцыю. Вось коратка, гэта пэтыцыя:

„Вам (пану) павінна быць ведама, што робіцца цяпер у Расіі. Льецца кроў, гараць панскія палацы… Людзям няма куды дзявацца, няма чаго есьці, і яны пашлі адбіраць ад паноў тое, што паны адабралі ад іх. Мы ня хочам грабіць і паліць, каб чужою крывёй і сьлязьмі купіць сабе шчасьце; ня хочам браць чужога, а трэбуем ад вас таго, што вы ўсякімі канцэлярскімі кручкамі адабралі ад нас: 1) вярнуць назад зямлю ў вурочышчы Дубы, каторая, як значыцца на пляне, належыць да нас; 2) вярнуць права карыстаць з рэчкі: лавіць рыбу, зьбіраць чарот і г. д.

Чакаем скорага і пэўнага адказу“…

— Добра напісана! — хвалілі мужыкі.

І мазалістыя рукі з вялікім трудом пісалі фаміліі сваіх уласьнікаў. Крывыя подпісы сялян занялі ўвесь ліст паперы.

— Як пазволіць пан лавіць рыбу, дык тады панічу будзе рыбы, колькі паніч захоча! — казалі мужыкі вучыцелю.

III

Прачытаўшы пэтыцыю, пан не драмаў. На тройцы коняй панёсься ён у павятовы горад П. проста да маршалка. Усё начальства паднялося на ногі. Паклікалі поліцмайстра, спраўніка, земскага начальніка, прыстава, казацкага афіцэра. На гэтым ваенным савеце-радзе нашлі, што мужыкі бунтуюцца. Казацкі афіцэр навёў спраўкі, колькі ў вёсцы мужыкоў. Расчытаўшы, што адзін казак „у пяць мінут можа забіць дваццаць пяць мужыкоў“, ён сказаў, што для „усьмірэньня“ мужыкоў досіць будзе дваццаці казакоў.

Спраўнік паслаў у вёску выведаць, хто пісаў пэтыцыю.

Нічога аб гэтым ня ведалі сяляне і ўсё чакалі ад пана адказу. А як пан адказу не пасылаў, то сяляне, уважаючы, што закон яны споўнілі, сабраліся ізноў і напісалі прыгавар лавіць рыбу ў тых затоках, каторыя па пляну належалі да іх. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць сялян пад камандаю Ляўшуна паехалі на рыбу. Як на грэх, лоў быў шчасьлівы. Пападаліся найбольш ліны і шчупакі.

За высокім сухім чаротам нічога ня бачылі рыбакі.