Толькі што яны выбралі рыбу з апошняй тоні, бачаць-лятуць на іх казакі ў высокіх касматых шапках. У бедных „бунтароў“ і люлькі павыпадалі з зубоў на лёд, адна нават укінулася ў палонку.
— Кладзі невад на сані! — крыкнуў адзін казак.
Пакорна споўнілі сяляне гэта прыказаньне, худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбаю, а мужыкі, апусьціўшы галовы, ішлі за возам, падганяныя казацкімі нагайкамі.
Бедных мужыкоў вялі цераз сяло. Дзеці галасілі на ўсю вуліцу; бабы прычыталі, як па нябожчыках.
На другіх санях, на абапал каторых ехалі конна казакі, сядзеў вучыцель. На ім было халоднае паліто і летняя шапка.
— Вось і рыбы налавілі, і на санях, як губарнатары, пад ахранай павозімся, — жартаваў вучыцель, каб разьвесяліць кампанію, а сам такі бледны, і гора сьвяцілася ў кожнай яго жылцы…