гэтым людзкім перавалам і загубілася ў ім. Але яна добра ведала дарогу ў сталоўку. А вось і яна, гэта самая сталоўка, ужо цэлы хвост народу таксама з кацялкамі і рознаю пасудаю стаяў каля дзьвярэй сталоўкі, чакаючы свае чаргі.
Сюды прылучылася і Наталька. Яна хацела стаць трошкі бліжэй да дзьвярэй, а ня ў самым хвасьце. Яна думала, што яе маленькі дзіцячы ўзрост дасьць ёй на гэта права.
— Куды плішчышся? — сярдзіта прамовіла ёй якаясь цётка: ці бачыш, якая вострая! Пазьней прышла, а першая хоча справіцца!
Наталька мусіла стаць у чаргу.
II
Покі Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перашло і праехала шмат народу й нават шмат зьмен зрабілася тут за гэты час.
Каб хто стаяў тут і цікавіўся, то напэўна згледзеў-бы, як з варот аднаго двара высунуўся сабака. Відаць, што ён абегаў шмат двароў, абышоў многа закавулкаў, бо й яго сабачыя ногі троху прытаміліся.
Сабачае жыцьцё, наогул, заўсёды незайздроснае, а што датыча да гэтага вось часу, то й гаварыць няма чаго. Праўда, у сабакі многа вольнага часу, у чым яму можа пазайздросьціць цяпер і чалавек. Ніякіх павіннасьцяй ён таксама не нясе. Праўда, пабрахаць на чужога чалавека, калі ён зайдзе на двор або калі ў двор зачэшацца лапавухая дзёдзька, то звычайны сабачы абавязак падказвае выгнаць гэту асобу з двара, а каб у яе надоўга прапала ахвота даведвацца туды, куды яе ня просяць, то нават трэба схапіць яе за вуха або добра пацягнуць за хвост. Так і робяць добрыя сабакі ў вёсках. Але ў горадзе іншая справа, і гарадзкі сабака лічыць занізкім для сябе займацца гэтаю работаю. Затое-ж ён ня мае і ніякіх квіткоў, каб можна было па іх атрымаць дзе паёк.
Знашоўшы зацішны куточак у цяньку каля варот, Джон — так зваўся гэты сабака — прысеў, апусьціўшы вочы. Відаць, некія сабачыя думкі снаваліся ў яго галаве. Аб чым ён думаў, сказаць трудна; зірнуўшы на яго худое цела і паджары жывот, можна было дагадацца, што думаў ён аб няўдачах сёньнешняга дня і аб тых памылках, якія ён зрабіў, бегаючы і шукаючы