Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

II

Андрэй Плех даўно ўжо меў сабе на прымеце дубок у лесе. Яшчэ летам, соваючыся з каробкаю па грыбох, насунуўся ён на гэты дуб. Як чалавек, якога агарнулі грэшныя мысьлі, Андрэй наўперад азірнуўся і пачаў аглядаць важнецкае дрэва. Высокае, роўнае, выноснае, як точанае, яно, здавалася, сумыслу тут вырасла на спакусу чалавека. „А, пся крэў яго, што за дуб!“ думаў Андрэй: „от былі б восі! А якія хвацкія вышлі-б паліцы на сохі“ (Андрэй быў майстар па часьці сох). Ды ня так-то лёгка ўхопіш яго тут: сьсячы, пападзіся, — такі табе штраф закоціць земскі, што і кароўкаю не адапхнешся. І Андрэй, яшчэ раз акінуўшы вокам дубок, уздыхнуў і паплёўся дамоў. На ўсякі выпадак ён замеціў гэта месца. Скора пачалося жніво, і Андрэй забыўся аб дубку, але, як на грэх, у яго колах разышліся сьпіцы. Трэба было думаць, як справіць новыя колы. На калодкі і вобады Андрэй меў пра запас бярэзіну, добрую баравую, чачоткавую бярэзіну з казённага лесу. Гэта Мікола Сіняўскі ўдружыў яму. А дзе-б узяць дубінкі на сьпіцы? І адразу ў яго вачох устаў малады дубок, што бачыў у лесе, зьбіраючы грыбы.

Бадай ня кожны дзень думкі Андрэя вярцеліся каля гэтага дубка. Кепска толькі, каб яго качкі, калі пападаешся з ім. Праўда, у лесе красьці ня грэх. Гэта ня тое, што залезьці да чалавека ў хату. І хто ў лесе ня злодзей, той дома не гаспадар. Лес — божы: бог яго росьціць і бог гадуе. А князя чорт ня возьме, калі ён, Андрэй, сьсячэ адзін дубок. Так разважаў вечарамі Андрэй, пыхкаючы люльку.

Раз пад вечар — гэта было ў нядзелю — Андрэй ішоў з места. І так неяк зрабілася, што ногі Андрэевы самі пашлі па тэй дорозе, каля якой стаяў гэты шальмоўскі дубок. Андрэй ня мог стрымацца, каб не даведацца свайго даўнейшага знаёмага. Лес быў ужо зусім бяз лісьця, і малады дубок выглядаў цяпер яшчэ раўнейшым, яшчэ прыгажэйшым.

— Ах, злодзей! — гаварыў, цешучыся, Андрэй і аглядаў дубок.

Ідучы дамоў, Андрэй вылічаў, калі схадней яго сьсячы. Квадра месяца пры гэтым стаяла ў Андрэя на першым пляне. Праз колькі дзён будзе маладзік. Вось тады ён і зызьне яго.