Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

нуў на лясьніка і павёў яго ў лес. Максім увесь задрыжэў. Залажыўшы рукі за сьпіну і крэпка сьціснуўшы стрэльбу, ён моўчкі ішоў за аб‘езчыкам. Ён добра ведае, куды вядзе яго гэты кат і што хоча паказаць яму.

„Вядзі, няхай цябе сьляпога водзяць. Кланяцца табе ня буду і прасіць тваёй ласкі ня стану. Што будзе, то будзе“, думаў, ідучы, Максім.

Ці ня будзеш ласкаў зірнуць, — гаварыў тым часам аб‘езчык, прывёўшы лясьніка на тое месца, дзе колькі дзён назад стаяў дубок. Аб‘езчык добра націкаваў гэта месца, і ў яго наўперад усё было разьлічана. Нават яго далікатная прамова да лясьніка была абдумана раней, каб злосна нацешыцца з таго, як будзе выглядаць Максім Заруба, стоячы перад пнём сьсечанага дуба. Але працягнутая рука яго так і засталася: перад імі было гладкае месца, і вокал стаялі дзеравы, ды дзе-нідзе тырчэлі абросшыя мохам даўнейшыя пні. Максім пазіраў на аб‘езчыка поглядам чалавека, каторы нічога ня цяміць і чакае тлумачэньня.

Аб‘езчык зірнуў на Максіма. Чуць значная ўсьмешка прабегла па губах лясьніка. Нават елкі, каторым на гэтым месцы было крыху прастарней, здавалася, усьміхаліся, пазіраючы на аб‘езчыка — такую дурную меў ён міну ў гэту мінуту.

— Што за чорт? — сказаў ён: — тое самае месца, а дзе-ж пень?

— Мала тут пнёў, — спытаў Максім, стаўшы на прыкрыты мохам пень нядаўна ўкрадзенага дубу і паказваючы рукою на старыя пні. Ды і сам пан стаіш, як пень, — ня вытрываў Максім, каб не пасьмяяцца з аб‘езчыка.

— Ты мне кпінак ня строй! — крыкнуў аб‘езчык і забегаў вокал лясьніка, як ганчак, вынюхваючы сьляды.

Улучыўшы мінуціну, лясьнік зірнуў адным вокам сабе пад ногі. У вадным месцы мох адхіліўся, і з-пад яго сьвяціўся сьвежы пень. Максім чуць-чуць пасунуў нагу, каб закрыць гэту лысінку. Аб‘езчык, як каршун, зірнуў на лясьніка.

— А на чым ты стаіш, ягамосьцю?

Максім пачуў, што ён прапаў.

— Стаю, як і пан: нагамі на зямлі.