Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

Аб‘езчык раптоўна падскачоў да лясьніка, таўхануў яго ў грудзі і кашкянуў нагою мох.

Пень раскрыўся.

— Зладзюга! лес крадзеш, сам канцы хаваеш! — як гад, сіпеў аб‘езчык.

У вадзін момант усё пазелянела ў вачох Максіма, і лес закружыўся, заскакаў. Нічога не разважаючы, размахнуўся ён, і яго цяжкая рука з голасным плескам апусьцілася на шчаку аб‘езчыка. Шапка зьляцела з яго галавы, і сам ён захістаўся і паляцеў потырч носам на гэты пень. Максім накінуўся на свайго ворага і пачаў мяць яго.

— Удушу! — хрыпеў ён, як зьвер, сьціснуўшы аб‘езчыка за горла. Аб‘езчык зьвіваўся, як вуж, малаціў нагамі, кусаўся. Вочы яго вылазілі з сваіх гнёздаў.

Памыкаўся ён крычаць, клікаць на помач, але голас яго ня мог выбіцца з грудзей, а вокал ня было ні адной жывой душы. Адзін толькі лес, нямы сьведка людзкога глупства, стаяў вокал глухой сьцяной і маўчаў, не варушыўся. Відаць, ён бачыў яшчэ не такія справы, стоячы тут вякамі.

— Братка, зьмілуйся! за што? — енчыў аб‘езчык, страціўшы надзею выкруціцца з рук лясьніка. Да Максіма вярнулася памяць і розум. З вялікаю ненавісьцю зірнуў яму ў твар, борзда падняўся і сказаў:

— Ідзі, жалься на мяне, — і злосна пашоў у лес.

Аб‘езчык падняўся, узлажыў шапку, дзіка азірнуўся вокал і кінуўся бегчы.

— Гвалт, ратуйце! — крычаў ён, бягучы.

V

Досьвіта, другога дня, Андрэй ужо кошкаўся ў хлеве. Запаліўшы газаўку, павесіў яе на сьцяне і, узяўшы сахор, Андрэй адкідаў гной ад сьцяны з таго боку, дзе было вышэй. Чорная карова з адной загарадкі, цялушка-выпустка з другой і чырвоны конік уставіліся пільна на гэту цікавую дзею. Толькі адна сьвіньня не хацела зьвяртаць увагу на Андрэя. Яна спакойна ляжала ў сваім бярлогу і, здавалася, ніколечкі ня дзівілася, як-бы даўно ведаючы, што й чалавек зазвычай бывае свіньнёй. Прабраўшы ямку і выслаўшы яе саломаю, Андрэй перанёс сюды з гумна дубкі, закрыў іх тоўстым плас-