Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

блізка не чапала тое, што чалавек страціў кавалак хлеба і нікога ня цікавіла, як ён страціў яго. Пра гэта ведаў адзін толькі Андрэй. Але ўсё тут абярнулася так, што яму не выпадала падзяліцца з людзьмі сваймі думкамі. Гора ня ў тым, што людзі ня прымаюць нашых думак або насьміхаюцца з іх: тут мы можам хоць цешыць сябе тым, што нашы думкі калі-небудзь знойдуць для сябе лепшы грунт, ці тым, што людзі яшчэ не дарасьлі да іх, і ўсё-ж такі мы можам сьмела гаварыць іх, крычаць, не саромяючыся паказаць іх прад вачыма ўсяго сьвету. Але цяжка таму, хто ня можа сьмела сказаць аб сваіх думках, хто баіцца вынесьці іх з сваёй душы на людзкі суд і хто мусіць насіць іх, як атруту, на сваім сэрцы. Такія нядобрыя думкі апанавалі цяпер Андрэя. Як-ні-як, а ён быў прычынай таго, што чалавека выпіхаюць вон на зіму без кавалка хлеба… Праўда, Андрэю яшчэ ня верылася, што гэта праўда. Яму зрэдка думалася, што ўсё гэта можа яшчэ ўладзіцца, і Максім застанецца. А можа тут хаваецца зусім іншая прычына? Гэтыя думкі на момант супакойвалі Андрэя, і ён пытка прыслухваўся, што гавораць людзі. На другі дзень не заставалася ніякага сумненьня, што Максіма гоняць. Цяпер пачалі гаварыць ясьней і а прачыне, па якой яго выганяюць. Максім, казалі, прадаў дубок у лесе. Моташна было Андрэю слухаць такія гутаркі — проста сьвет здаваўся яму нямілы.

Здаецца, узяў бы, завязаў вочы і ішоў-бы няведама куды, абы знайсьці заспакаеньне, абы ня чуць тэй згрызоты, што была на яго сэрцы.

І чаго яму было лезьці ў гэты лес? Сядзеў-бы сабе спакойна і гора ня знаў-бы.

Эх, здаецца, каб нічога гэтага ня было, каб яно толькі прысьнілася яму! Усё-б было добра, каб ня гэты дубок.

VI

Як толькі настаў вечар і добра сьцямнелася, а людзі крыху аціхлі, Андрэй ізноў пашоў у хлеў, адгарнуў гной і павыносіў дубкі на дрывотню.

Відаць, Андрэй нешта надумаўся. Прыхіліўшы дубкі да сьцяны, Андрэй доўга пазіраў на іх. Хвацкія дубкі. Важнецкія вышлі-б сьпіцы для колаў. А паліцы на сохі!.. На момант Андрэй забыўся аб тым, чаго ён прышоў і ўзяў самы таўсты ка-