Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/30

Гэта старонка не была вычытаная

валак дубка, палажыў яго на плечы і панёс у Нёман. Гэта было, яго ахвяра сумленьню, гэтым хацеў ён выкупіць свой грэх прад Максімам і вярнуць спакой душы. Нясучы дубок, Андрэй раздумваў над тым, ці добра ён робіць, ці ёсьць тут які-небудзь толк. Колькі раз ногі яго йшлі павольней, ён азіраўся назад ці ня лепш вярнуцца, ды зноў схаваць іх?

— Э! — сказаў сам сабе Андрэй: — збуду з галавы гэты клопат, раз пакончу з гэтым ліхам!

І борзда пашоў на бераг Нёмну. Апусьціўшы павольна дубок, Андрэй узяў яго за адзін канец, а другі апусьціў у ваду. Нёман зараз жа падхапіў яго на свае плечы, і Андрэй адразу пачуў, як яму стала лягчэй у руках. Тут ён з усёй сілы стаўхануў камлюк на ваду. Дубок стралой панёсься на сярэдзіну, і толькі гладзенькая палоска вады абазначылася яго сьледам, і ён прапаў у халодных і чорных ад мроку хвалях Нёмну.

— Якому-ж лысаму чорту гатаваў я гэты дубок?! — крычала нешта ў Андрэі. — Для каго я выпакутваў яго сваёй крывёй? Хто спажыве боль мазалёў маіх?

— І Андрэй забегаў па беразе Нёмну. Ён пабег на ніз, туды, дзе за нортамі прыгожа разьлёгся шырокі гак, у той надзеі, што вада вынясе камлюк дуба на бераг… Бягучы, Андрэй папаў у вырытую сьвіньнямі яму і ўпаў, ляпнуўшыся жыватом, на халодную і мокрую зямлю. Падняўшыся, ён зноў пабег. Во і гак. Але ноч была такая цёмная, што нічагусенька ня было відаць. На другім беразе глуха шарасьцеў вецер у сухіх лозах і чаротах. Халодная, як жалеза, вада плюхала ў пустыя берагі і ўсхліпвала, як маці, страціўшы дзяцей сваіх… Пастаяўшы колькі мінуцін, Андрэй пашоў да дому. Раз пачаў, — трэба канчаць. Усё роўна не на карысьць яму вырас гэты дубок. Андрэй узышоў на свой двор.

— Андрэй гэта ты? — аклікнуў яго голас.

— Я, — аказаўся Андрэй.

— Дзе цябе чэрці душаць? — спытала сярдзіта жонка, — вячэра даўно стыне!

— Чорт яе ня возьме, тваю вячэру, — адказаў Андрэй і палажыў на плечы два кавалкі дуба.

— Куды ты іх валачеш?