— Не табе ведаць.
Жонка змоўкла, а Андрэй зноў пашоў на бераг. Ён быў злосны, ішоў борзда, а жонка назіркам ішла за ім. Яна зацікавілася, куды нясе Андрэй гэтыя дубкі. Спыніўшыся на беразе, Андрэй паўкідаў абодва кавалкі ў ваду. Жонку ўзяў нейкі страх. Ні слова не гаворачы, яна пабегла да дому. Ёй здалося, што Андрэй зьвіхнуўся з розуму.
Праз паўгадзіны Андрэй вярнуўся. Моўчкі зьняў ён шапку, расьперазаўся, павесіў сьвітку і сеў за стол.
Жонка ня ўтрывала і пачала распытваць Андрэя.
— Ат, ня дуры ты мне галавы — адмахнуўся Андрэй.
— Ну, ці-ж ёсьць у цябе розум! Навошта ж было іх сеч?
— Каму з гэтага карысьць?
— Чорту лысаму! — сказаў Андрэй.
— Толькі-ж чорту… Хіба іх агледзеў хто? — не адступалася жонка.
— Во дзе яны ў мяне сталі, дубкі гэтыя! — сказаў Андрэй і паказаў рукой на горла. — Чалавека вось выгналі з-за іх, а ты…
— Дык ты вярнуў яго гэтым?
Андрей не знашоў што сказаць, маўчаў.
VII
Яшчэ больш заблутаўся Андрэй. Толькі цяпер ён праканаўся, што кідаць дубкі ў ваду была дурная выдумка. І праўда: ці вярнуў ён гэтым Максіма на месца? Ці дастаў сабе спакой? І ласьне можна адкупіцца ад сумленьня тым, што ён пакідаў у ваду дубкі? „Дурань я“, думаў Андрэй, трасучы карове трасянку. Ухадзіўшыся, Андрэй вышаў на вуліцу. Во ўжо колькі дзён ён староніцца ад людзей і жыве толькі сам сабой, сваймі думкамі, каторыя так моцна стамілі яго душу. У сяле, у тым яго месцы, дзе вуліца выходзіць к Нёмну, стаяла даўней старая карчма. Гэта карчма, бывала, бітком была набіта людзьмі. Сюды схадзіліся і ў радасьці, і ў горы; тут была гарэлка, каторая, як кажуць знайкі па часьці выпіўкі, была і крапчэйшая, і таньнейшая, і шмат прыямнейшая ад цяперашняй манаполькі. Во, па старай памяці, сюды ўсё яшчэ цягнула сялян гэта месца, дзе калісь стаяла карчма, ад каторай застаўся адзін толькі падмурак; і тут стаялі яны, усунуўшы ў зубы цыбукі і схаваўшы рукі ў рукавы кажухоў, пад