Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

адкрытым небам. І гэтым разам былі тут мужчыны, і сярод іх ішла сур‘ёзная гутарка. Андрэй стаяў здалёк адзін і не адважваўся падыходзіць бліжэй. Раптоўна ён задрыжэў: у гэтай кучцы сялян быў Максім Заруба. Андрэй быў павярнуўся, каб ісьці назад, але яго цягнула нейкая сіла да гэтай кучкі. Патаптаўшыся момант на адным месцы, ён зноў павярнуў назад. Максім стаяў і штось гаварыў. Аб чым ён гаворыць? Андрэй ня мог больш працівіцца жаданьню ведаць, што гаворыць загублены ім чалавек, і ён пашоў. Яму паказалася, што людзі глядзелі на яго так, як-бы ведалі ўсю справу з дубком. Андрэй прывітаўся з сялянамі агульным „дзень добры“, а Максіму працягнуў руку і нясьмела сказаў:

— Здароў, Максім!

— Здароў, брат Андрэй! Ну, Андрэй, — сказаў Максім, — прымай, брат, у падсуседзі.

Сэрца ў Андрэя так і апала: няўжо Максім ведае, што ён, Андрэй, сьсек дубок — чаму загаварыў а падсуседзтве? Не! каб ведаў, то наўрад-бы падаў яму руку, ня толькі зьвярнуўся-б да яго з такой мовай.

— За вошта-ж, брат, цябе выдалілі? — спытаў замест адказу, нібы-та нічога ня ведаючы, Андрэй.

— Тырчэў на дарозе пень, пакуль за яго не чапляліся, а сталі чапляцца — пню ня стрымацца.

— Дык не за дубок адказалі ад месца? — з жарам спытаўся Андрэй, і вочы яго прасьвятліліся.

Максім нахмурыўся, як-бы цень лёг на яго лоб.

— Скуль ты ведаеш аб дубку?

— Каму і ня ведаць, як не Андрэю, — пажартаваў Стаська Гук.

Андрэй зьмяшаўся, пабляднеў і сказаў:

— Так гавораць.

Андрэй зірнуў на Максіма. За апошнія часы Максім асунуўся пахудзеў. Вочы яго глыбака запалі ў лоб. Відаць, многа горкіх думак, трывогі й клопату перамятушылася ў яго мазгох. І было з чаго: што злога ён зрабіў? За чыю віну паплаціўся? І куды цяпер дзецца? Андрэй, як праступнік, апусьціў галаву. Момант, і ўвесь здрыгануўся, падняў галаву, акінуў усіх поглядам.