— Максім, братка! Гэта за мяне ты пакутуеш: гэта я сьсек дубка! Рабі са мной, што хочаш. Бі, катуй мяне!
Усе змоўклі і пазіралі на Андрэя.
— Няхай будзе пракляты той час, калі я першы раз зірнуў на гэта няшчаснае дрэва. За што церпіш ты?
Максім горка ўсьміхнуўся.
— Ты сьсек дубок? Вось ніколі не спадзяваўся!.. Э! цяпер ужо ўсё роўна. Табе можа і лягчэй, а мне — адзін чорт. Ды калі на праўду вышла, то ты не такі ўжо вінаваты, як табе здаецца… О, каб я цябе злавіў у лесе, то быў бы другі рахунак. A цяпер твая споведзь паможа мне, як мёртваму кадзіла.
— Паможа, паможа! — закрычаў Андрэй, — я пайду ў лясьніцтва і раскажу ўсю праўду. Няхай мяне судзяць, няхай забяруць апошнюю карову, няхай пухнуць з голаду дзеці, не кажы толькі, што Андрэй цябе загубіў!
Андрэй крута і з сілай павярнуўся.
VIII
— Сьмейцеся добрыя людзі: здурнеў саўсім чалавек! — пачакаўшы з паўгадзіны, чуўся жаночы голас каля Андрэевай хаты.
Андрэй, апрануўшы кажух і ўзяўшы палку, вышаў з двара на гароды, каб ня йсьці вуліцай, а жонка стаяла каля парогу і адчытвала Андрэя.
Андрэй маўчаў. Твар яго быў сур‘ёзны, важны і спакойны.
Вярніся, вярніся Андрэй! — ня ўнімалася жонка.
Андрэй ня слухаў і сьцігаў дальш, не азіраючыся.
— Што з ім сталася? пагібелі сабе і дзецям шукае чалавек… Каб ты ногі паламаў, каб ты дарогі ня бачыў! Вярні-і-ся!
Жонка яшчэ доўга плакала і галасіла, а Андрэй тымчасам мінуў ужо сяло і вышаў на дарогу. Вокал расьцілалася поле, голае, пустое, абабранае. З боку цягнуўся луг на абапал Нёмну. Там і сям стаялі парыжэлыя стагі. Далей перад Андрэем пачынаўся лес, праз каторы ішла дарога. А над усім гэтым вісела хмурае неба, як кепска загаранае поле. На ўзгорках падыхаў халодны паўночны вецер, гразь сьціскалася марозікам, пад нагамі цьвярдзела. Гадзіны праз паўтары Андрэй быў у лясьніцтве.