НА ЖАЛЕЗНАЙ ДАРОЗЕ
I
Івась нікому не зайздросьціў можа затым, што ён быў яшчэ зусім малы і мала знаў жыцьцё; толькі-ж цяперашняй свае долі не памяняў-бы ён на долю панскага сына, хоць сам Івась быў толькі сын будачніка.
Будка іх стаяла адна ў полі, пры саменькім лесе, праз які так сьмела і размашыста пралягла жалезная дарога. Невялічкі дворык іх быў агароджан прыгожым частаколам. Пад аконцам, што выходзіла ўбок жалезнай дарогі, расьлі кветачкі, і красаваўся пышны мак, а з невялікай градкі выкідала цыбуля, як шчаціну, свае стройныя пер‘і. У дварэ, каля самай будкі, замест стала, стаяў высокі, гладкі дубовы пень з роўна абрэзаным верхам. У сьвяты дзянёк, у харошую пагоду, сям‘я будачніка піла тут чай. Высокі, разложысты дуб распасьціраў свае тоўстыя лапы над дворыкам будачніка, хаваючы яго зялёную травінку ад гарачага сонейка. Івась гадаваўся адзін. Апрача кур, пеўня і сабакі Жучка, у Івася ня было таварышоў. Затое-ж хто, як ня Івась, знаў хараство летняй раніцы ў полі? Каму, як ня яму, былі вядомы ціхія шэпты старога лесу на захадзе сонца? Хто лепш яго разьбіраў птушыную гаворку? і ласьне мала здаваленьня паслухаць, як крэхчуць жабы у зялёным балотцы? Сам Івась прызнаваўся ў сваім сэрцы, што такога прыгожага кутка ня знойдзеш нідзе на сьвеце… А жалезная дарога?
Не, — каб пачуць усю паўнату гэтага хараства, гэтых чараў дарогі, што ідзе каля іх, то трэба бачыць яе на свае вочы, трэба палюбавацца ёю ў ясны веснавы або летні дзянёчак. Роўная, як струнка, доўгая — вокам ня скінуць — расьсекла яна лес сваім сьмелым махам на дзьве палавіны, і хто яе ведае, куды яна дзяецца, выскачыўшы з лесу. Івасю моцна хацелася выбрацца ў дарогу паглядзець, што знаходзіцца там, за лесам, над якім заўсёды вісела сіняватая смуга, толькі гэта ніяк