Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

яму не ўдавалася. Прызнацца, ён трохі баяўся далёка адыходзіцца ад дому.

Была яшчэ адна прычына любіць жалезную дарогу. Івась ніколі не прапускаў здарэньня сустрачаць пасажырскі цягнік: колькі раз добрыя людзі выкідалі Івасю праз акно вагона то цукеркі, то пустыя бляшанкі, што ў высокай меры радавала малога Івася і рабіла яго проста такі шчасьлівым.

Івась ня меў яшчэ свайго дзела і жыў вольна, як тое паветра палёў, на якім ён гадаваўся. Часта бегаў ён на жалезную дарогу паглядзець, як яго бацька падмятае, чысьціць палатно дарогі, як прабуе, ці крэпка сядзяць на шрубах гайкі. Усё гэта цікавіла Івася, і ён так углыбляўся ў бацькаву работу, што забываўся нават аб сваім носt.

— А навошта ты падкручваеш гэтыя шрубы? — пытаў Івась бацьку.

— А каб рэйкі мацней трымаліся, — адказваў бацька: — будуць скраплены дрэнна, цягнік можа сыйсьці з рэек, зробіцца няшчасьце, людзі пагінуць.

Івась зараз-жа думаў аб тым, які малюнак выяўляў-бы сабою цягнік, сышоўшы з рэек. Скура яго шорхла, мурашкі бегалі па целе ад гэтых думак, і ён яшчэ пільней паглядаў за тым, ці ўсе гайкі перапробаваны, а калі бачыў, што бацька мінаў каторую, то зараз-жа зьвяртаў на гэта яго увагу.

— Іш ты, майстар дарожны, — гаварыў бацька і, каб зрабіць прыемнае сыну, прабаваў гайку.

Каб ня ты, то было-б крушэньне, — жартаваў бацька, а Івась думаў, што гэта праўда, і ад радасьці ня памятаў, на каторым ён сьвеце.

II

Новае жыцьцё, новыя думкі прынесла з сабою вайна. Івась ніяк ня мог растлумачыць сабе, што за рэч такая — вайна; толькі потым, па меры таго, як ён прыслухоўвася да гутаркі старшых, у ім злажыўся страшны вобраз вайны. Вайна, у думках Івася, — нешта асобнае, незалежнае ад волі людзкой. Гэта была страшная кабеціна, што бадзяецца па сьвеце яна ступае, там робяцца пажары і разбурэньне страшнае. Вакол яе гінуць людзі, і рэчкамі цячэ чалавечая кроў. Гэтую лютую бабу вайну выпусьцілі на сьвет немцы, за гэта нашы