Старонка:Крывічы.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная

КРЫВІЧЫ

Роман

Міхась Зарэцкі

Пролёг

СЬМЕРЦЬ АНДРЭЯ БЕРАЗОЎСКАГА

17 жніўня 192… году ў невялічкім, па-мяшчанску прытульным дамку на Пярэсьпе памёр галоўны герой гэтага роману Андрэй Іванавіч Бера­зоўскі.

Гэта была спакойная ціхая сьмерць, якая зьявілася законным і зусім спадзяваным канцом маруднага — на працягу цэлага году — згасаньня. Але не ўважаючы на гэта, нямала людзкіх сэрцаў аблілося крывёй, калі па сталіцы разьнеслася вестка аб яго сьмерці.

Астатнія хвіліны нябожчыка былі атулены сьветлай ласкай і цепла­той. У гэты дзень было надзвычайна прыгожае надвор‘е, і доктар дазво­ліў адчыніць у пакоі хворага вокны, якія выходзілі ў маленькі дзікі садок. Адтуль шырокай патакай лілася ў пакой густая слодыч квяціс­тага дня, нямотна застылага ў млявым жнівеньскім сонцы. Адтуль ці­хенька, спадкрадня ўляцела была кволая павучынка і, нікім не заўва­жаная, лягла на чало Беразоўскаму першым надлобным вянком.

Пах сьвежых яблыкаў дзівосна сплятаўся з бяздушным пахам ля­карства.

У гэты дзень з самага ранку ля хворага неадступна знаходзілася дачка яго Зена і тры блізкія яму чалавекі: Мікола Аржановіч, Сьляпень і Саўка Малахавіч. Яшчэ ўчора ўвечары хворы страшэнна аслаб, і док­тар зусім выразна намякнуў на блізкі канец.

Зена ўвесь час з трагічным неўразуменьнем глядзела на бацькаў твар — сухі, нярухомы, з ледзьве прыметным сьледам жыцьця. Яна была хваравіта бледная, вочы ў яе глыбока запалі і пацямнелі — яна выгля­дала цяпер намнога старэйшай за свае дзевятнаццаць год. Праз цэлы дзень яна амаль-што не сказала ні слова, быццам не заўважала нікога, хто быў каля яе, на ўсіх забылася, аддаўшыся свайму ўпартаму маўклі­ваму сузіраньню. Часамі да яе падыходзіў Саўка Малахавіч — любы сівенькі дзядок, — абнімаў за плечы і пяшчотна гладзіў яе залацістыя валасы. Потым з раптоўнай хаплівасьцю цалаваў яе ў галаву, недалужна крывіўся, усхліпваў і скоранька адбягаў на сваё месца — каля расчыне­нага вакна.