Старонка:Крывічы.pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

раз уставаў ад свае працы), і гэта асабліва жыва напамінала аб нядаўнай прысутнасьці тут чалавека.

Зена ціха падышла да стала, схілілася прад ім на калены і паклала сваю галаву на ручку бацькавага крэсла. Так стаяла яна хвілін пяць, і ў пакоі ўсё глыбей і глыбей раскрывалася пустая бяздонная цішыня. Аржановічу здавалася, што гэта цішыня паглынае ў сябе цячэньне часу, што ўсё жыцьцё спыняецца, застывае ў аднэй напружна-сьціслай хвіліне.

Потым Зена ўзьняла галаву і абвяла ўвесь пакой цяжкім марудным поглядам. Яна закранула гэтым поглядам і Аржановіча, але ня спыні­лася на ім, быццам не заўважыла яго, не пазнала. Яе вочы былі сухія — яна ня плакала, яна была закамянеўшы ў нейкім халодным драўляным адчуваньні свайго гора.

Аржановіч ціха гукнуў яе—яна здрыганулася і зьдзіўлена паглядзела на яго. Потым успомніла, мусіць, чаго яны прышлі сюды, і ледзь чутна шапнула:

— Ты, Мікола… паглядзі… там…

А сама зноў прытулілася да крэсла і заціхла.

Аржановіч падышоў да стала і дрыжачымі рукамі стаў перабіраць паперы. Гэта былі ўсё паасобныя чарнавыя нататкі—выпраўленыя, пе­ракрэсьленыя розным чарнілам — на іх няможна было разабраць нівод­нага слова. На стале ня было таго, што ён шукаў. Ён з хвіліну пастаяў у развазе і потым асьцярожна выцягнуў верхнюю шуфляду. Там ляжаў вялізны сшытак, апраўлены ў сінюю паперу. На вокладцы ня было ніякага надпісу, але Аржановіч адразу дагадаўся, што гэта той рукапіс, аб якім гаварыў Беразоўскі.

„Пра бацькаўшчыну“…

Ён стаў, як скамянелы, і, забыўшыся на ўсё, моўчкі глядзеў на гэту цьмяную паперу, на гэты таемны тэстамэнт незабыўна-дарагога настаўніка. Прад ім, як жывы, паўстаў вобраз яго — добрага, чулага, бязьмежна адданага сваёй справе, на ахвяру якой паклаў ён жыцьцё.

Аржановіча ахапіла непераможнае жаданьне пачуць з гэтых маўклівых вуснаў мёртвай паперы хоць колькі слоў—жывых, вечных слоў настаўніка. Ён хацеў быў ужо разгарнуць рукапіс, але яго спыніла маленькая халодная рука Зены.

— Не цяпер… не… Пасьля… разам… усе…

Аржановіч згадзіўся. Так, трэба ўсім разам, пасьля. Ен будзе чакаць. Толькі цяжка, надзвычайна цяжка яму стрымаць цяпер сваё захапленьне — яно выбіваецца з грудзей, штурхае на нейкі гарачы, ад сэрца ўчынак.

Ён распаленымі вачмі глядзіць на Зену. У яе таксама на твары глыбокае захапленьню. Яны абодва цяпер як п'яныя, як непрытомныя. І вось ён кладзе руку на рукапіс Беразоўскага, урачыста і горда ўзьнімае сваю прыгожую галаву і гаворыць дрыжачым ад узрушэньня голасам: