Старонка:Крывічы.pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

— Зена… Ты самы блізкі мне чалавек… Ты мне — сястра… Будзь сьведкай… адна ты… толькі ты…

Ён на момант сьціхае, і ў пакоі зноў бяздонна раскрываецца тая жудасна-пустая цішыня. І потым у гэтай цішыні таемным заклінаньнем гучыць напружна-цьвёрды голас Аржановіча:

— Я прысягаю, што ўсе свае сілы, усё жыцьцё ахвярую на тую справу, якую рабіў мой настаўнік, мой бацька Андрэй Беразоўскі...

Зена ў раптоўным парываньні кідаецца яму на грудзі і плача нэрво­вым надрыўным плачам.

У гэты момант чуваць ад уваходу званок. Аржановіч яе супакойвае:

— Я дзьверы замкнуў. Зараз пайду пагляджу, хто там такі.

Гэта прышоў Сьляпень. Пакуль яны з Аржановічам увайшлі ў ква­тэру, Зена ўправілася ўжо замкнуць габінэт і сядзела ў кутку — дзе менш сьвету — на выгляд зусім спакойная, з ціхім смуткам на твары.

Сьляпень сваёй вялікай энэргічна-рухлівай фігурай унёс у пакой цэлы віхор рэзкай сумятні. Яго вусны крывіла едкая саркастычная ўсьмешка — ён меўся, як і звычайна, гаварыць нешта няпрыемнае. Аржановіч, каб паскорыць выбух, запытаў:

— Што новага?

Сьляпень спыніўся прад ім і глыбокадумна ўпяў у яго свае зіркатыя вочы.

— „Уся справа ў бабе“, як сказаў мой прыяцель—вядомы вам Галакцёнак. „От нее все качества“…

Зена бязуважна азвалася з свайго кутка.

— Вы, Сьляпень, зноў у паход супроць жанчын?..

Сьляпень крута да яе абярнуўся.

— Я? Супроць жанчын? Золатка! Родненькая! Я жанчын люблю больш за табаку… Асабліва, калі з „натурай". „Натура“ — перш за ўсё…

Ён некалькі раз прайшоўся па пакою, потым раптам спыніўся і, сабраўшы ўвесь запас свайго сарказму, працягнуў:

— А ці ведаеце вы, чаму ня прыехаў на пахаваньне Беразоўскага Пражэня?

Яны, зразумела, ня ведалі.

— Я меў вялікі гонар толькі-што бачыць яго вельмішаноўную дру­жыну. Пражэня быў хворы. Зусім сур‘ёзна быў захварэў, цягаючыся з вёскі на вёску. І вельмішаноўная дружына, ведаючы гэта, ня толькі не паехала да яго, а нават не паведаміла нас… Чулі?.. А жанчын я, золатка, люблю, ня турбуйцеся. Асабліва, калі з „натурай“…

Зена памкнулася абараняць Пражэневу жонку.

— Можа ёй ня было часу, можа яна была чым-небудзь занята?

— Занята? Гэта абмежаваная сваім жаночым родам жанчына нічым ня можа больш займацца, апрача штодзеньненькіх камарыных романчыкаў.

— Вы, Сьляпень, надзвычайны пляткар…

Сьляпень падышоў да Зены, стаў перад ёй, заклаўшы рукі ў кішэні, і заківаў галавой.