Старонка:Крывічы.pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

Сьляпень ужо змоўк і загнаным зьверам кідаўся па пакою. Зена з пяшчотнай мяккасьцю гукнула яго:

— Сьляпень! Досыць ужо лютаваць. Хадзіце, сядзьце тут, каля мяне, я нешта вам раскажу.

Яна расказала пра знойдзены рукапіс, а потым, захапіўшыся, пачала апавядаць пра бацьку, успамінаць яго апошнія дні. Сьляпень ураз сьціха­мірыўся і ўважна слухаў, панура схіліўшы сваю кудлатую галаву. Зда­валася, што ён чамусьці адчувае сябе вінаватым.

III

У сярэдзіне верасьня была першая па леце вечарына ў Саўкі Малахавіча. Гэтыя традыцыйныя вечарыны, прасякнутыя таварыскай цеплатой і бязрупатнай весялосьцю, заўсёды зьяўляліся прытулкам, дзе можна было знайсьці поўны спакой і адпачынак. Саўка Малахавіч—любы сівенькі дзядок — умеў быць бязьмежна ветлым, уважлівым гаспадаром, умеў са­грэць усіх сваёй шчырай ласкай, зьвязаць усіх пачуцьцём дружнай еднасьці і аднадумства.

Адылі гэтая вечарына ня зусім удалася. Два прыкрыя інцыдэнты па­рушылі яе зладную плынь: Сьляпень зноў рэзка палаяўся з Пражэневай жонкай, а гарэза Кухцік (можа і няўмысьля?) пакрыўдзіў Саўку Малахавіча.

Зена прышле на вечарыну разам з Аржановічам. Ужо было сабраў­шыся троху народу. У габінэце гаспадара мужчыны гулялі ў прэфэранс (сярод іх быў і Сьляпень), рэшта ў суседнім пакоі, згрупаваўшыся невялічкімі купкамі, вялі стрымана-вясёлую гутарку.

У кутку, ля грубкі, у кампаніі двух хлапцоў (адзін з іх — Кухцік, малады поэта) стаяла Тацяна, Пражэнева жонка. Зена заўважыла яе і адразу да яе падышла.

Тацяну часта называлі прыгожай, але ў прыгостве яе было больш пікантнасьці, чымся дасканалай правільнасьці форм і ліній. Яна была троху вышэй сярэдняга росту, стройная, з тонкай, амаль-што хлапецкай фігурай. Твар яе быў абсолютна няправільны (шыракаваты нос, нізка навіслыя бровы), але разам з гэтым было ў ім нешта няўлоўна-прыгожае, што надавала яму вострую жывую прывабнасьць. Яшчэ вочы яе маглі падабацца — чорныя, аксамітныя, з неразгадна-таемнай глыбінёй. У яе была прывычка — насупіць бровы і сярдзіта павесьці вачмі. Тады, гле­дзячы на яе, цяжка ўстрымацца было, каб не засьмяяцца.

Зена запытала Тацяну пра мужа. Тая мэханічна, не задумаўшыся, адказала:

— Скора прыедзе.

І зноў занялася сваёй пустой балбатнёй з хлапцамі. Зена пытала далей:

— Ці праўда, што ён быў хворы?

— Хто? Пражэня?