Старонка:Крывічы.pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

У яе вачох зьявілася ледзь прыкметнае замяшаньне.

— Ён быў хворы. Але ён напісаў мне толькі тады, як палепшаў. У яго заўсёды так…

Зена больш не распытвала. Яна ўбачыла свайго (як і кожнай жан­чыны) прысяжнага абажальніка Галакцёнка — прыземістага, камлюкаватага кавалера гадоў пад сорак — і ахвотна пашла слухаць яго грубавата-адкрытыя, але часам спрытныя комплімэнты.

Саўка Малахавіч сёньня наладзіў поўнае баляваньне. На вячэру былі селядцы, гарачая сопкая бульба, цудоўная верашчака з блінамі і шмат чаго іншага. Было троху і віна—якраз столькі, колькі патрэбна было для таго, каб канчаткова сьцерці тую сьцеражлівую стрыманасьць, якая магла яшчэ быць паміж некаторых гасьцей.

Ужо за вячэрай пачуўся раптам званок, і Саўка Малахавіч пасьпешна пабег сустракаць познага госьця. Праз хвіліну ён увёў у пакой маладога хлопца і з вясёлай урачыстасьцю агаласіў:

— Дазвольце пазнаёміць усіх… Лявон Камяга, эмігрант з Заходняй Беларусі…

Усе зьвярнулі пільную ўвагу на новага чалавека. Ён стаяў у парозе і ўсьміхаўся — троху сарамліва, троху самаздаволена. Саўка Малахавіч падвёў яго да стала, і ён пачаў абхадзіць усіх—з кожным вітаўся за руку і кожнаму з коміннай выразнасьцю паўтараў:

— Камяга… Камяга… Камяга…

Тацяна ня вытрымала і проста ў твар яму засьмяялася. Ён зьдзіўлена зірнуў на яе, адылі ўбачыў яе вясёлы шальмавата-гарэзьлівы твар і за­сьмяяўся сам.

Госьця пасадзілі поплеч з Зенай, і ёй гэта ўпадабалася. На яе адразу добрае ўражаньне зрабіў надворны выгляд гэтага чалавека. У яго былі сьветлыя кучаравыя валасы, буйны адкрыты твар, з мяккімі прыемнымі рысамі, з троху целепаватым носам і вялікім дзіцячым ротам. У ім было бязьмеры многа прастаты і непасрэднасьці — гэта адразу выявілася ў іхнай гутарцы. Ён запытаў у яе, хто яна такая, і, калі даведаўся, што яна дачка нябожчыка Беразоўскага, бесцырамонна ўпяў у яе свой погляд, поўны вострай цікавасьці і захапленьня.

— Як добра… я і ня ведаў зусім… Я дужа рад, што вас убачыў… Якая вы прыгожая, да-душы… Я і думаў, што вы такая…

Потым ён мусіць успомніў, што трэба выказаць ёй спачуваньне і памкнуўся гэта зрабіць — сказаў з нейкім капрызным нездаволеньнем:

— Чаму гэта памёр ваш бацька? Я так хацеў быў пабачыць яго. Як бег сюды, я часта яго ўспамінаў… Нават тады, перад сьмерцю… (Ён засьмяяўся з свае няўмыснае памылкі). Кажу—перад сьмерцю… Як пагра­жала сьмерць… з голаду…

Пры гэтых словах ён машынальна зірнуў на свае рукі. Зена таксама паглядзела на іх і заўважыла, што яны абедзьве перавязаны.

— Што гэта?