Старонка:Крывічы.pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

Ён з шчасьлівай давольнасьцю выставіў свае рукі.

— Гэта — ад кайданаў. Здорава парэзалі, яшчэ дасюль раны не за­гаіліся. Я пакажу потым, калі хочаце. Мусіць, знакі астануцца назаўсёды…

У Зены зашчымела сэрца ад жалю. Яна пасьпешна зьмяніла гаворку:

— Вы хіба зналі тату?

— У нас усе яго зналі… Любілі яго. Ён-жа тады яшчэ, за царом, змагаўся за Беларусь… у турме колькі сядзеў… пакутваў… Цяжка было тады… як цяпер там, у нас…

Ён памаўчаў хвіліну і з хітраватай усьмешкай пахваліўся:

— Я і яшчэ шмат каго знаю. Я і тут некаторых магу адгадаць.

І ён, таемна нахіліўшыся да яе, пачаў называць прозьвішчы сваіх суседзяў. У большасьці ён памыляўся, і гэта абоіх іх дужа сьмяшыла.

За сталом узьнялося шумлівае ажыўленьне. Усе наперабой гаварылі, сьмяяліся, агалашалі гучныя тосты, хоць даўно ўжо ўсё было выпіта. На адным канцы стала сядзела Тацяна і жвава лапатала аб нечым з сваймі хлопцамі. Там-жа прыцёрся і Галакцёнак. Тацяна, як і звы­чайна ў такіх выпадках, перайшла на расійскую мову. Сьляпень заўва­жыў гэта і зьвярнуўся да свае суседкі, але так, што чуваць было на ўвесь стол:

— Ёсьць такія тонкія рэчы, якія ніяк ня выкажаш грубой беларускай мовай.

Тацяна пачула і зразумела, але наўмысьля не зьвярнула ўвагі і ла­патала далей. Сьляпень троху счакаў, потым устаў і папрасіў слова для тосту.

— За велікій прэкрасный русскій язык, ісключыцельно прэдназначэнный для выражэнія благородных чувств чэловека!

Тацяна ня вытрымала і ў тон яму адказала:

— За велікадушных самаахвярных людзей, якія не шкадуюць часу, каб бясконца блытацца ў чужыя справы!

— Асабліва, калі справы цёмныя…

Тацяна ўся загарэлася і крыкнула рэзкім задорным голасам:

— Што вы хочаце гэтым сказаць?

Сьляпень скрывіўся ў цынічнай усьмешцы.

— Тое, аб чым ня шкодзіць пагаварыць з вамі вашаму мужу...

Гэта было занадта груба — Сьляпень бязумоўна адчуваў гэта і сам; ён можа наўмысьля і выбраў такі няпрыгожы агідны спосаб, каб валь­ней дадзець, каб самай формай — ня толькі, што зьместам нанесьці абразу. Але і Тацяна зрабіла зусім па-дзівацку: яна схапіла са стала скарынку і злосна шпульнула яе ў твар непрыяцелю. Потым густа па­чырванела і з сьлязьмі на вачох уцякла ў суседні пакой.

На колькі хвілін настала агульнае замяшаньне. Саўка Малахавіч пасьпешна выскачыў з застольля і пабег за Тацянай. Сьляпень, утуліўшы галаву, злосна бліскаў сваймі распаленымі вачмі. Усе маўчалі, ня ведаючы, як рэагаваць на гэта здарэньне.