Старонка:Крывічы.pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

З ранку да вечара Лявон, ня чуючы зморы, бязупынку хадзіў па гораду. Ён з дзіцячай цікавасьцю разглядаў незнаёмыя будынкі, спыняўся перад табліцамі і па некалькі раз іх перачытваў. Як сьвежа, як неабыкла выглядалі на гэтых важных рознакалёрных надпісах простыя мужыцкія словы!

Ён пільна прыслухваўся да гутаркі сустрэчных людзей, стараўся ўлавіць кожнае слова і ўсё пачутае зьвязваў у адзін пярэста-шумлівы сказ вуліцы. І колькі новага, незнаёмага яму было ў гэтым сказе! Калі-ж даводзілася яму пачуць беларускую гутарку, ён спыняўся сярод дарогі, быццам убачыўшы раптам свайго добрага знаёмага, і ўпарта глядзеў на размоўцаў, пакуль яны ня зьнікалі з вачэй.

Часам у яго ў самога зьяўлялася прагнае жаданьне пагаварыць. Тады ён уваходзіў у першую па дарозе ўстанову, выдумляў сабе справу і заводзіў станавітую гутарку з якім-небудзь дзелаводам. Адно слова „таварыш“ давала яму цэлае здаволеньне, і ён устаўляў яго ўсюды, дзе толькі была магчымасьць. Канчалася гэта звычайна на тым, што дзелавод далікатна яму намякаў, каб ён не перашкаджаў працаваць. Але ён ня крыўдзіўся, ані-ні! Ён дабрадушна ўсьміхаўся і ішоў далей рабіць свае бясконцыя назіраньні. Ён не заўважаў нават таго, што дзелавод праводзіў яго зьдзіўленым падазроным поглядам.

На другі дзень пасьля вечарыны ў Саўкі Малахавіча Лявон, як і звычайна, вышаў пацягацца па гораду. Толькі ўзышоў ён на адну з цэнтральных вуліц, як раптам, адкуль быўшы, на яго наляцела цэлая зграя моладзі. Сярод іх быў Кухцік і той другі, што разам з ім завіхаўся каля Тацяны. Хлопцы абкружылі яго шчытным шумлівым колам.

— Во ён… Той самы, што скінуўся з поезда…

— Лявон Камяга!

— Здароў, братка! Здароў…

Яны — зусім яму незнаёмыя — адзін перад адным сьпяшаліся з ім прывітацца і моцна, па-маладому, ціснулі яго рукі. Ён ледзьве спраўляўся сказаць кожнаму сваё прозьвішча.

Гэта былі ўсё падлеткі гадоў па семнаццаць па восемнаццаць, а можа яшчэ і маладзей. У першы момант яны здаліся Лявону дужа падобнымі адзін на аднаго, і ён нават блытаўся ў гутарцы, забываўся, хто зрабіў яму тое ці іншае запытаньне, каму ён павінен адказваць. Але ўсе яны былі шчырыя, простыя і надзвычайна вясёлыя хлопцы, — ён адразу пачуў сябе сярод іх сваім чалавекам, быццам з усімі знаўся ўжо не адзін год.

Яны зараз-жа пацягнулі яго з сабой. Ён абсолютна ня ведаў, куды яны ідуць, і ня быў упэўнены, што яны самі ведаюць гэта—у іх усё рабілася на-хаду: на-хаду ўзьнікалі пропозыцыі, на-хаду прымаліся і нахаду касаваліся. Адно было ясна, што з палону іхнага вырвацца будзе нялёгка.

Так яно і выiла. Увесь той дзень Лявон не разлучаўся з хлопцамі, і гэта дало магчымасьць яму больш-менш дакладна пазнаёміцца з імі.