Старонка:Крывічы.pdf/2

Гэта старонка не была вычытаная

Сьляпень з Аржановічам былі ў суседнім пакоі. Аржановіч панура сядзеў у кутку, узьлёгчыся локцем на край шахматнага століка. Яго прыгожы твар сьвіціўся глыбокай ціхай журбой. А Сьляпень, як і зазвычай, бясконца хадзіў па пакою, поўны рэзкай нэрвовай энэргіі.

Гадзіне а чацьвёртай спаўдня на хворага сышла хвіліна апошняга прасьвятленьня. Яго застылы твар раптам сагрэўся променем яснай сьвядомасьці, ён некалькі раз плюснуў вачмі, нібы адганяючы сон, і зрабіў усім целам кароткі напружны рух, каб павярнуцца ў той бок, дзе сядзела дачка. Зена ў радасным парываньні кінулася прад ім на калены і сударгава прыціснулася да яго рукі. Вусны хворага слаба зашавяліліся і ён ледзь чутна прашаптаў:

— Хто тут… усе…

Зена зрабіла нецярплівы знак Саўку Малахавічу, і той пабег у суседні пакой, каб гукнуць хлопцаў.

Усе падышлі да ложка і ў урачыста-глыбокім маўчаньні чакалі, што скажа хворы. Андрэй Беразоўскі шырока расплюшчыў вочы і абвёў усіх марудным, цяжкім, але зусім ясным поглядам. Потым, нібы заспакоены гэтым абглядам, ён зноў устроміў некуды ў столь свае згаслыя вочы і, хвіліну перабыўшы ў ранейшай нярухомасьці, з патугай загаварыў:

— Добра ўсё… Жыць… трэба жыць… працаваць… Вы ўсе… разам… Вы… добрыя… Зена… Зена…

Раптам нешта падобнае на ўсьмешку прамільгнула на яго тонкіх усохлых вуснах.

— Я… пісаў там… так… нешта… не друкаваць… не… чытайце… пра­ чытайце… пра бацькаўшчыну…

Гэта было яго апошняе слова. Ен змоўк і ўжо, мабыць, нічога ня чуў з таго, што рабілася каля яго ложка. На твары ў яго закамянеў апошні выраз — бязуважна-халоднага спакою.

Зена не магла ўжо стрымліваць у нутры сваё гора, сваю бязьмежную роспач. Яна горка, па-дзіцячаму плакала, цалавала бацькавы рукі і ўсё паўтарала, як няпрытомная:

— Тата… татачка… Ты не памрэш… не памрэш… не, ня трэба… Я адна… Татачка, я-ж адна… адна…

Аржановіч глядзеў на яе гарачымі, поўнымі балючай мукі, вачмі. Ён, пэўна, ня менш, як яна, перажываў і яе гора, і сваё, але сабраў усе сілы і стараўся быць спакойным.

Сьляпень стаяў перад расчыненым вакном, залажыўшы рукі ў кішэні, і з упартай мэтадычнасьцю гоўтаўся на абсацах. Саўка Малахавіч перш недалужна, па-старчаму румзаў, уткнуўшыся тварам у сьценку, а потым падбег да Зены і, не перастаючы хліпаць, пачаў сунімаць яе, угаварваць. Яму ледзьве ўдалося адарваць яе ад хворага і пасадзіць на крэсла. Пасьля гэтага яна заціхла і зноў удалася ў сваю тупую трагічную нярухомасьць.