Старонка:Крывічы.pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

Большая частка з іх былі поэты. Але, па-праўдзе кажучы, ня дужа лёгка было ў іх азначыць, дзе канчаецца поэта і пачынаецца звычайны чалавек. Былі сярод іх такія, што напісалі адзін ці два вершы, былі і такія, што ня пісалі зусім, — гэта, аднак, не перашкаджала ўсім ім мець агульныя інтарэсы і клапаціцца аб агульных справах. Адны з іх працавалі ў рэдакцыях беларускіх газэт і часопісаў, другія служылі ў іншых мясцох, трэція вучыліся, але ўся іхная праца, дзе б яна ні праводзілася, нейкім дзіўным парадкам злучалася ў адно суцэльнае. Кожнага ў роўнай меры цікавіла як тое, што робіць ён сам, так і тое, што робяць яго таварышы.

Яны жылі і працавалі ў розных канцох гораду, але, не ўважаючы на гэта, рэдка каму траплялася ўбачыць каго-небудзь з іх аднаго: яны заўсёды хадзілі шумлівай вяткай. Заўсёды ў іх былі нейкія свае клопаты — нешта яны меркавалі, абгаварвалі нейкія пляны, бегалі па ўстановах, здабывалі сродкі. Ні на хвіліну не пакідаў іх бурлівы запал і ня было меры іх маладой задорнай энэргіі.

Гэта быў малады атрад беларускага „Sturm und Drang‘а“ , гэта былі гарэзныя дзеці нядаўнае рэволюцыйнае завірухі.

На вялікае дзіва, сярод гэтае моладзі Лявон сустрэў аднаго зусім сталага чалавека — гадоў у трыццаць ці больш — з цьмяным, нібы паліналым тварам, з маленькімі рухавымі вочкамі, з загранічным пэнснэ на носе. Гэты чалавек назваў сябе доктарам Хамялевічам і пахваліўся, што ён зусім нядаўна прыехаў з Бразыліі, дзе жыў бяз малага дзесяць гадоў. Ён ня мог там больш аставацца, калі даведаўся пра ўтварэньне Беларускай рэспублікі, і з вялікімі цяжкасьцямі перабраўся сюды.

Хамялевіч браў актыўны ўдзел ва ўсіх клопатах моладзі, хаця асаблівага аўторытэту — як старэйшы сярод малодшых—ня меў. Калі да яго хто зьвяртаўся, ён з комічнай пасьпешнасьцю выцягваў шыю, стараючыся як мага бліжэй падставіць левае вуха (на правае ён, пэўна, ня чуў), а, выслухаўшы, з інтымным падміргваньнем ківаў галавой (— мы адзін аднаго разумеем! —) і сьмяяўся нейкім ні то дужа шчырым, ні то ўгодлі­вым сьмехам.

Гэты чалавек адразу зацікавіў Лявона, і ён рашыў бліжэй да яго прыгледзецца. Магчымасьць гэтага знайшлася ў той самы вечар.

Яшчэ ў часе полудня (палуднавалі ўсе разам у нейкай бруднай сталоўцы) была праведзена падрыхтоўка да літаратурнага выступленьня, якое мелася быць сёньня ўвечары ў адным з гарадзкіх клюбаў. Быў вылучаны дакладчык, прызначана, каму што чытаць. Аб тым, што Лявон павінен ісьці разам з усімі, не магло быць нават і гутаркі. І Лявон ня каяўся, што пашоў: гэты вечар зрабіў на яго надзвычайна моцнае ўражаньне.

У клюбе было поўна народу — пераважна моладзі. Поэтаў сустрэлі вясёлым прыязным шумам, у якім блыталіся звонкія аплёдысмэнты з сяброўскім сьмехам, з жартамі. Поэты гужам прайшлі цераз залю, нясучы на сваіх тварах урачыста-напятую важнасьць. Бліжэйшыя бесцырамонна