Старонка:Крывічы.pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

паказвалі на іх пальцамі і называлі адзін аднаму іхныя прозьвішчы. Адылі гэта поэтаў амаль-што не турбавала.

Вечар пачаў Вітушка — невялічкі белабрысы хлапец, у рудой, фарсіста зьбітай на патыліцу, кепцы. Не пасьпеў ён сказаць некалькі слоў, як аднекуль з кутка пачуўся грубы нахабны голас:

— Гаварыце па-руску!

Нехта памкнуўся яго падтрымаць, але на іх дружна ўсе сыкнулі і яны змоўклі. Вітушка пачуў спрыяючае паветра і з езуіцкай пакорлівасьцю зьвярнуўся да публікі:

— Калі ўсе хочаце, каб па-расійскую. Толькі мне дужа цяжка будзе гаварыць…

Яму адказалі дружнымі крыкамі:

— Па-беларуску! Па-беларуску!.. Хто гэта там? Ня хочаш—ня слухай. Можаш вымятацца адсюль!

Вітушка абярнуўся ў той бок, дзе сядзеў аматар расійскай мовы, і з той-жа беспараднай пакорлівасьцю разьвёў рукамі, быццам хацеў сказаць яму:

— Што-ж, нічога, брат, не парадзіш, раз усе так жадаюць…

Ох, і хітры-ж хлапец гэты Вітушка!

Ён пачаў свой даклад пра беларускую літаратуру. І што гэта толькі быў за даклад! Ён гаварыў аб усім-чыста, апрача літаратуры: гаварыў аб даўнейшай незалежнасьці Беларускай дзяржавы, аб стагодзьдзях нацыянальнага ўціску пад Польшчай і царскай Расіяй, аб політычным, экономічным бяспраўі сялян і рабочых за панаваньнем буржуазіі, аб жудасным прыгнечаньні, аб зьдзеках; гаварыў аб тым, як вызваліла працоўных Кастрычнікаўская рэволюцыя, як разьвязала яна нацыянальнае пытаньне, як дала магчымасьць і беларусам разьвіваць родную сваю культуру.

Ён гаварыў зусім ня так, як гавораць зазвычай прамоўцы. Ён ня ўмеў гаварыць, і ў гэтым была галоўная прычына яго ўдачы. Ён сьпяшаўся, блытаўся, паўтараў па некалькі раз адну думку, махаў бязладна рукамі, зьвяртаўся да публікі з запытаньням або прасіў у яе дапамогі, калі ніяк не знаходзілася патрэбнае слова. Гэта надавала яго прамове характар гутаркі і завязвала інтымную блізкасьць паміж ім і слухачамі.

Цэлая бура аплёдысмэнтаў пакрыла канец яго дакладу. Частым дажджом пасыпаліся запіскі — ён сам зьбіраў іх па сцэне, прачытваў і даваў спрытныя жартліва-вясёлыя адказы. Запытаньні былі прыблізна такія:

„Калі была Беларусь незалежнай дзяржавай?“
„Які самы лепшы беларускі поэта?“
„Колькі насельнасьці ў БССР?“
„Ці добра быць поэтам?“
„Ці жанаты т. Вітушка?“
„Хто выдумаў беларускую мову?“
„Вы мне дужа ўпадабаліся“…
І г. д.