Старонка:Крывічы.pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

Адказы на запытаньні канчаткова ўстанавілі паміж поэтамі і слуха­ чамі самыя шчырыя прыяцельскія адносіны. Чытаньне вершаў сустра­ кала такое бурнае захапленьне, што гэта ў значнай меры зьдзіўляла самых поэтаў. Але найцікавейшы быў канчатак. Ен быў нечаканы для ўсіх і асабліва для Лявона. Калі ўсе поэты перачыталі сваю творчасьць, Вітушка выступіў і ўрачыста агаласіў:

— Тут, сярод нас, знаходзіцца эмігрант з Заходняе Беларусі Лявон Камяга. Ён быў засуджаны польскімі катамі на... сьмяротную кару, але ратаваўся, выскачыўшы на ўсім хаду з кур'ерскага поезда… Два тыдні ён галодны блукаў па лясох, потым пад стрэламі польскіх жандараў перайшоў праз мяжу і з кайданамі на руках прышоў сюды, да нас... Слова мае т. Камяга...

Што было рабіць? У залі грымелі воплескі, скрозь іх прабіваліся нэрвова-ўзьнятыя галасы — просім, просім! — а Лявон сядзеў, нібы прыстыўшы да крэсла, і ня мог зварухнуцца, ня мог прыдумаць, што-б такое зрабіць, каб выбрацца з гэтае нечаканае пасткі. Яго падхапіў падпашкі нехта з хлапцоў і выпіхнуў на сцэну. Шум у залі падвоіўся, некаторыя паўскакалі з крэслаў, і ў асалапелага Лявона ўпілося некалькі соцень вачэй. Тады здарылася з ім нешта нязвычайнае. Гэтыя сотні гарачых напружных поглядаў улілі ў яго нейкі цудоўны агонь, ад якога ў нутры ў яго ўсё закіпела, забурліла віхурай палкага пачуцьця. І ён закрычаў, перамагаючы шум, — няскладна, абрыўчата, як няпрытомны:

— Таварышы! Браты!.. Там мучаць нас… забіваюць… жыць не даюць… Каты! Зьвяры!

Ён сударгава выцягнуў перад сабой свае рукі.

— Таварышы! Вось, глядзеце… яшчэ цяпер раны на іх… ад кайданаў… Але гэтыя рукі яшчэ возьмуць стрэльбу… Я кажу… я прысягаю… За нашых братоў!.. За волю!.. За вольную Беларусь!..

Усё, што потым было, прайшло для Лявона, як нейкі няясны блытаны сон. Ён не заўважыў зусім, як апынуўся раптам у залі, як моладзь гоўтала яго на руках, як усе нешта пелі, нешта крычалі, некуды парываліся. Трохі ачуліўся ён толькі тады, як вышаў з клюбу, як разьвітаўся з усімі хлопцамі і, яшчэ поўны нэрвовага ўзрушэньня, шпарка пасігаў па змрочнай вуліцы ў той бок, дзе быў яго часовы прытулак.

Адышоўшыся на добрыя гоні ад клюбу, Лявон раптам пачуў за сабой фамільярна-грубаваты голас:

— Во разагнаўся… Ніяк не дагнаць…

Ён здрыгануўся ад нечаканасьці і азірнуўся. За ім сьледам ішоў доктар Хамялевіч і, ласкава ўсьміхаючыся, ківаў яму галавой.


Працяг будзе.