Старонка:Крывічы.pdf/4

Гэта старонка не была вычытаная

зручны выпадак, ураз спыніўся і пачаў цяжка аддыхвацца; па лесе замі­тусіліся кволыя аганькі ліхтароў.

Поезд ня мог затрымацца больш, як на дзесяць хвілін, і таму аганькі скора павыбеглі з лесу і, засароміўшыся, схаваліся ў вагонах. Паравік, троху спачыўшы, з сьвежым задорам крыкнуў і пабег наганяць страча­ныя хвіліны.

У глухой непралазнай гушчыні хваёвага парасьніку, забіўшыся ў ней­кую яміну і сударгава ўткнуўшы твар у сухія калючкі, ляжаў чалавек. Ён нічога ня чуў і ня бачыў — ён быў працяты страшным сьмяротным здраньцьвеньнем, з якога не маглі вывесьці яго ні стрэлы, ні блізкія галасы варожых людзей, ні разьвітальны крык паравіка. Ён ляжаў так можа гадзіну ці больш—час ішоў цяпер міма яго, як ішло міма яго ўсё жыцьцё — і толькі напружны шум новага поезда вярнуў яго да прытом­насьці. Ён яшчэ глыбей убіўся ў сваё калючае логава і ўсе сілы свае істоты злучыў у адно пачуцьцё востра-напятага слуху.

Адгрымеў і заціх у далечы поезд, і з усіх бакоў насунулася прагавіта-ўедлівая цішыня. Гэта раптоўная цішыня здалася чалавеку поўнай ліхога падступства, і ён яшчэ доўга яе правяраў, з упартай настойнасьцю захоўваючы сваю нярухомасьць. Адылі час браў сваё — памалу слух яго траціў першапачатковую вострасьць, даючы месца іншым па­чуцьцям, і тады з раптоўнай рэзкасьцю ён адчуў агнёвую боль ва ўсім целе. У яго зьявілася думка аб тым, што ён сябе пакалечыў, і без­надзейная роспач тупым цяжарам узьлягла на яго слабую сьвядомасьць. Ён зноў апынуўся на мяжы таго цяжкога здраньцьвеньня, з якога толькі-што вышаў.

Але так было адзін момант. Ён сабраў усе сілы і, перамагаючы боль, пачаў правяраць свае члены: сьціху паварушыў аднэй рукой, потым другой, перасунуў у бок адну за аднэй свае ногі, папрабаваў узьняць угару ацежалелае тулава. Ня было, здавалася, такога месца на целе, дзе-б не гарэў гэты нязносна-пякучы боль. Але ўсе члены рухаліся спраўна і ў нутры ня чулася асаблівай завады. Значыць, ён не пакалечыў сябе, толькі моцна пабіўся, коцячыся па крутому шурпатаму схону.

І вось толькі цяпер, пераканаўшыся ў сваёй зусім выпадковай цэ­ласьці, чалавек у поўнай меры адчуў усю нявымоўна-глыбокую слодыч збавеньня. Навокал нікога няма, ніхто ня сочыць за ім, ён адзін, зусім адзін, ён можа рабіць цяпер, што захоча. Калі захоча, будзе ляжаць тут, у цёплым прытульным зацішку—тут надзвычайна добра адпачываць! — калі не захоча, устане і пойдзе, будзе цягацца па лесе і ніхто яму гэта не забароніць. А пакуль-што ён, як дзіця, стуляецца клубочкам, точыцца глыбей у сваю выпадковую схову і ціхенька шчасьліва сьмяецца.

Якую моцную радасьць дае чалавеку воля!

Раптам усю істоту яго страсае пачуцьцё вострай трывогі: тут-жа самае небясьпечнае месца — тут могуць шукаць яго, могуць падумаць,