Старонка:Крывічы.pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная

ў гэтым жудасным беспрасьвецьці—ён хістаецца, як п'яны, падае, сту­каецца аб дрэвы, зашываецца ў непралазныя зарасьлі. Ён часта губляе напрамак ды ідзе куды-пападзя ці проста круціцца на адным месцы, пакуль ня знойдзе якога-небудзь прагалку, адкуль можна разглядзець пуцяводны нябесны ўзор.

Нарэшце апошнія сілы кідаюць яго. Яму здаецца, што на целе ў яго павіс нейкі непамерна цяжкі гнёт, якога ён ніяк не падужае несьці, які з непераможнай сілай цягне яго да зямлі. Ногі ўжо канчаткова страцілі сваю адчувальнасьць — ён перасувае іх, як драўляныя абрубкі, як зусім чужыя, выпадкова прышчэпленыя да яго прадметы. І ўсё ба­ліць, усё ные, усё просіць хоць якога-небудзь, хоць зусім кароценькага адпачынку.

Ён забіваецца ў зарасьлі сухога маліньніку, бясьсільна падае на зямлю і засынае тупым беспрасыпным сном.

…У тое ядранае жнівеньскае раньне сонца ўстала было такое сьвежае і румянае, як толькі-што вымыты ў сьцюдзёнай вадзе твар маладой красуні-дзяўчыны. І не пасьпела яшчэ падняцца добра над небасхілам, не пасьпела прамыць празрыстай расою сваіх аспалых вачэй, як пачало ўжо гарэзваць, пачало кідаць туды ды сюды свае кокетліва-прыжмураныя млявыя погляды. Кінула погляд яно і ў стромкі высокі бор—цікава яму паглядзець, што нарабілася за-нач у тых патаемных сховах! — але нічога ня ўбачыла, апрача маладых падшпаркаў-хвоек, якія загарадзілі сабой усё-чыста ўзьлесьсе. Тады сонца паднялося троху вышэй, зазірнула праз галовы гэтых блазьнят, прасьлізнула ў самы гушчар маўклівага бору, пачало аглядаць кожны кусьцік, кожную травінку.

У густой зарасьлі маліньніку, сярод сухога цыбатага быльля сонца натрапіла на чалавека. Яго зацікавіў нязвычайны выгляд гэтага чалавека, і яно доўга блукала па ім сваймі дрыготнымі плямамі, уважна разгля­даючы ўсю яго постаць.

Чалавек быў ня дужа высокага росту, але і не малы, пропорцыянальна і шчытна складзены, з буйной галавой, з сьветлымі курчавымі вала­самі. Ён быў, напэўна, зусім малады, бо тая цьмяная поўсьць, якая роілам кудлычылася на яго барадзе, мела абсолютна нясталы выгляд, здавалася нечым дачасным і недаразьвітым.

Твар чалавека цяжка было разгледзець, бо ён быў увесь падрапаны і запэцканы ў кроў. Адылі можна было заўважыць, што рысы гэтага твару занадта мяккія і акруглыя, што ў яго троху целепаваты нос і зусім дзіцячы рот — вялікі, з буйнымі капрызна-выпятымі вуснамі.

Чалавек ляжаў на сьпіне, выпрастаўшыся ва ўсю даўжыню свайго цела. Яго рукі, скутыя ланцугом, былі закінуты за галаву — жалеза разь­ела на іх страшныя раны, і яны жудасна чарнелі засохлай крывёй. На сонным твары ў яго ляжаў хмуры сярдзіты выраз, быццам чакаў ён, што нехта прыдзе яго будзіць і загадзя ладзіўся злосна агрызнуцца:

— Ня рушце мяне… Я хачу спаць.