Старонка:Крывічы.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

Але сонца гэтага не збаялася. Яно гарэзьліва ўскочыла чалавеку на твар і пачало яго казытаць. Чалавек сьперш нездаволена моршчыўся, але-ткі ня вытрымаў: шырока-шырока ўсьміхнуўся і млява расплюшчыў свае шэрыя вочы. З хвіліну ён так і ляжаў, усьміхаючыся цягучай сан­лівай усьмешкай. Потым чамусьці нэрвова ўздрыгнуў, усхапіўся, вытыр­кнуў з зарасьляў галаву, пачаў напружна азірацца.

Ён, відаць, зусім не чакаў, што апыніцца на краю лесу. Заўважыўшы нездалёк ад сябе падазроныя прасьветы паміж дрэў, ён раптам ускочыў на ногі і пабег, апанаваны сьмяротным страхам, у лясную гушчэчу.

Глухая ціша, якой поўніўся лес, памалу вярнула яму спакой. Ён спыніўся, абапёрся плячмі аб дрэва і пачаў шумна аддыхвацца. Разам з тым, як мінаўся гэты мімавольны спалох, у нутры ў яго вырастала цьвёрдая, зусім сьвядомая пастанова.

Ён стаяў так яшчэ колькі хвілін, пакуль канчаткова не сунялося ўзрушанае шалёнай бягнёй сэрца, потым агледзеў сам сябе руплівым вокам, паправіў расхрыстанае адзеньне, зірнуў скрозь густое вецьце на сонца і пасігаў буйнымі рашучымі крокамі.

На ўсход… Толькі на ўсход. Або дайсьці, або памерці…

…Гэта было бязьмерна цяжкое і небясьпечнае падарожжа. Дзікім за­ гнаным зьверам туляўся ён па глухіх куткох, дзе можна было ўнікнуць сустрэчы з людзьмі. Ён адчуваў да людзей нейкі тупы органічны страх, які няможна было разьвеяць ніякімі развагамі, які не падлягаў звычай­ным законам лёгікі. Яму было ўсёроўна, ці гэта пан, ці селянін, ці ра­ботнік — яму здавалася, што ўсе-чыста, увесь сьвет узброіўся супроць яго, кожны рад яго затрымаць і аддаць у рукі жорсткага ката. Толькі там, толькі на чароўным усходзе будзе чалавек яму таварыш і брат.

Колькі раз востры нясьцерпны голад прыводзіў яго да якой-небудзь вёскі — ён падпаўзаў да самых будынкаў, знаходзіў спадзейны патаемны куток і сядзеў там, з ваўчынай прагавітасьцю ўглядаючыся ў спакойны рух сялянскага жыцьця. Часам зусім блізка ад яго праходзіў хто-небудзь з сялян, і ён гатоў быў кінуцца да яго, паказаць страшныя раскрывяненыя рукі свае, расказаць ўсё-чыста і папрасіць у яго хоць маленькі ка­валачак хлеба. Але думка пра гэта адразу ўзбуджала ў ім магутны віхор таго зьвярынага страху — ён нецярпліва чакаў, пакуль пройдзе чалавек, і бег адтуль, як няпрытомны, забіваўся ў дзікую глуш, далей ад людзей, далей ад ворагаў, далей ад усяго сьвету.

Або дайсьці, або памерці… Іншага выйсьця няма.

Ён ішоў больш уначы. Толькі вялікія густыя лясы, калі яны трапля­ліся па дарозе, давалі магчымасьць і ўдзень з напружнай сьцеражлівасьцю пасувацца наперад. Звычайна ён з ранку выбіраў сабе бясьпечнае логава і адлежваўся ў ім цэлы дзень, з балючай чуласьцю прыслухваючыся да жорсткіх прыступаў голаду.

Так мінула тры дні і тры ночы. На чацьверты дзень ён пачуў, што далей ня можа ісьці, што голад і змора канчаткова яго зламілі. Ён ледзьве