Старонка:Крывічы.pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

стаяў на нагах, праз кожныя дзесяць-пятнаццаць крокаў яму прыходзі­лася спыняцца і спачываць. У яго хворай сьвядомасьці з упартай назольлівасьцю білася думка аб сьмерці, і чым далей, тым мацней ахапляла істоту п‘янае жаданьне кінуцца долу і больш не ўставаць, акунуцца навек у бяздоннае забыцьцё.

Ён млява цягнуўся па рэдкаму ўзьлесьсю, ад якога адыходзілі пажоў­клыя шнуры ярыны. Сям-там жанчыны яшчэ дажыналі авёс — відаць было, як з павольнай аднамернасьцю ўзьнімаюцца і апускаюцца іхныя сьпіны. Ён ня ішоў да іх, але і не сьпяшаўся ўцякаць—хай сабе ўбачаць, яму ўсёроўна цяпер, які будзе канец.

Каля самага лесу нейкі стары селянін накладае на воз снапы. Яго шаўлюжка з бясьпечным спакоем поркаецца ў рудым аўсянішчы, выбірае нейкую травіну і гучна хрускае зубамі, і ў самога селяніна — у зморшча­ным твары яго, у мяккай сівой барадзе — роўны спакой, дабрадушная млявасьць.

Няўжо і гэта вораг?

На сухіх счарнелых вуснах бадзякі зьяўляецца пустая бязуважная ўсьмешка. Бяз усякага разважаньня, неяк мімаволі, аўтаматычна ён зва­рочвае ў бок, выходзіць з лесу і падаецца проста да селяніна. Той за­ўважыў яго і стаіць, утароплены, ня ведае, ці яму ўцякаць, ці зваць на ратунак, ці моўчкі чакаць, пакуль не падыйдзе гэты дзіўны незнаёмы чалавек.

Што яму трэба? Ці ён п‘яны, што так хістаецца ідучы? Чаму ён выставіў перад сабой свае рукі?

Незнаёмы падышоў і з крывой усьмешкай патрос сваім страшным акрываўленым ланцугом. Потым цяжка, як мяшок, асеў на зямлю і пра­ шаптаў:

— Я чатыры дні нічога ня еў.

Селянін чамусьці вінавата ўсьміхнуўся і з штучнай вясёласьцью запытаў:

— Ці здалёку ідзеш?

— Я ўцёк… Выскачыў з поезда. Мяне везьлі ў турму. Бачыш?

Ён зноў страсянуў сваім ланцугом. Селянін адвярнуўся, каб ня бачыць гэтага страшнога жалеза, і маўчаў, ня ведаючы, аб чым далей гава­рыць. Незнаёмы ўлічыў гэта за варожую халоднасьць і раптам пыхнуў астатнім рэзкім агнём, які яшчэ захаваўся ў яго істоце.

— За вас я, за ўсіх… Не за сябе… За мужыкоў, за хлопаў. Разу­мееш ты, га?

Селянін зьдзіўлена паглязеў на яго.

- За нас… за мужыкоў… А куды-ж ты ўцякаеш цяпер?

Незнаёмы слаба матнуў рукамі на ўсход.

— Туды… Папрабую перайсьці цераз кардон.

Селянін зусім асалапеў. Але зараз-жа ў яго вачох бліснула здагад­ка, і ён ні з таго, ні з сяго заліўся нястрымана-вясёлым сіпучым сьмехам.