Старонка:Крывічы.pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

— Ха-ха-ха!.. Цераз кардон… ха-ха!.. Ты-ж дзесяць вёрст, як мінуў гэты кардон… Ах ты малец, ты малец… Ну і пацеха з табой…

І стары ніяк ня мог суняць свайго прыязна-вясёлага сьмеху-сіпеньня.

А з незнаёмым дзеялася нешта дзівоснае. Ён кінуўся ніц на зямлю, убіў свой твар у сухое аўсянішча і плакаў, сапраўды плакаў, румзаў, як дзіцянё. Потым ускочыў, бліснуў вачмі і закрычаў, як няпрытомны:

— Праклятыя! Каты! Зьвяры!.. Чакайце!.. Чакайце!..

І ён доўга ў дзікім шалёным гневе гразіў туды, на далёкі захад, сваймі скутымі акрываўленымі рукамі.

II

Зена прытулілася да вакна і глядзела ў халодны, растрывожаны нягодаю сад. Там азьвярэла кідаўся жорсткі, зусім восенскі вецер і бязьлітасна шкуматаў панурыя расьліны. Рэдкія буйныя кроплі дажджу з разгону стукаліся аб вакно і распаўзаліся па шклу касымі сьлізкімі плямамі.

Здавалася, што ніколі ня будзе канца гэтаму шэраму зьмярканьню — з халоднай паклычанай муцьцю за вакном, з злосным скогатам ветру, з беспараднай сумятнёй зьбянтэжаных дрэў. І да-веку астанецца ў душы гэта трывожная разгубленасьць, гэта непакойнае пачуцьцё бяспрытульнасьці.

Чаму не цямнее, не надыходзіць вечар? Чаму так доўга няма Аржановіча?

Зена нярухома глядзіць у затуманены змрокам сад і ў яе памалу пераліваецца ўсё тое беспрасьветна-дзікае мятушэньне. Сэрца ў яе даўка сьціскаецца, хочацца плакаць, хочацца шкадаваць аб нечым добрым-добрым, прыгожым. З балючай яснасьцю ўспамінаюцца нядаўныя дні, поўныя ласкі і радасьці, і трагічная неўзваротнасьць іх давіць сьвядо­масьць тупым цяжарам.

Яна глядзіць у вакно, але ўжо нічога ня бачыць, нічога не прымячае. З вачэй яе сыпяцца сьлёзы, а вусны дрыжаць, імкнуцца скласьціся ў безнадзейна-горкую міну.

Чаму ня ідзе гэты нядобры марудлівы Аржановіч?

Але ўжо чуваць на ганку нечыя крокі. Гэта ён—яна заўсёды пазнае яго па тым, як ён адчыняе і зачыняе дзьверы.

Аржановіч увайшоў у пакой і запаліў электрычнасьць. За вакном ураз пахавалася ўсё ў драпежна-старожкую цемру. Зена адварочваецца ад вакна і з адкрытай радасьцю глядзіць на Аржановіча.

Які ён прыгожы! Высокі, зграбны, з мяккім пяшчотным тварам, з пышнымі, папялястага колеру, валасамі. Які ён добры і чулы! Яна гля­дзіць на яго, як на роднага, як на брата. Яна надзвычайна здаволена, што ён прыходзіць да яе кожны дзень і шчыра перажывае разам з ёй яе гора.