Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

Звычайна кожны твор адчыняецца тым ці іншым "уводным" мотывам, які шчыльна зьвязаны з наступным апавяданьнем. У якасьці гэткага пачыну ці увэртуры поэта ўжывае матар'ял рознастайнага мастацкага зьместу.

Поэма "Магіла льва", як было адзначана раней, пачынаецца разважаньнем мастака аб лёсе паданьня ў жыцьці народу. Поэта шануе астаткі паданьняў, і яго зацікаўленасьць да іх адпаведным чынам адбіваецца і на яго манеры апавяданьня. Эпічнае апавяданьне зьмяняецца лірычным. Яно выяўляецца ў лірычных выклічах і зваротах да чытача:

Няхай-жа гэтыя калосься
Мінуць скараньне нябыцьця...
Зьбіраць начнем зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць...
Пачнём дакопывацца самі
Разгадку нашых крыўд і бед... і г. д.

Блізкі па свайму зьместу і пачатак поэмы "За што?" Тэмаю яго зьяўляецца народная песьня. Поэта таксама выказвае высокую зацікаўленасьць ёю, дзеля гэтага лірызм апавяданьня, які выражаны тымі-ж сродкамі, апавівае яго ад пачатку да канца:

Ой, мае вы песьні,
Песьні весялушкі!..
Цяжка мне, ня лёгка,
Калі я ня вамі...
Дык-жа будзем жыці,
Разам днём ці ночай і г. д.

Поэма "На куцьцю" пачынаецца малюнкам прыроды, які разгорнены на шырокім чатырохстрофным палатне і перададзены поэтаю ў спакойным эпічным тоне:

На небе зоры ужо мігцяць і г. д.

Такога-ж „прыроднага" характару увэртура і ў поэме "Бандароўна“. Толькі тут яна сьціснута ў вузкія рамкі і вырашаецца адмоўным параўнаньнем:

Ня віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць.
Не разбойнікі таўпою
За дабычай ходзяць.

Рэшта поэм: "Курган“ і „Забытая скрыпка" гэтакіх уступных частак ня маюць; іх апавяданьне пачынаецца ад апісаньня дзеяньня іn medіas res:

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзьбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Удзірванелы курган векавечны...
("Курган").
Доўга пад трамай ляжала
Сьцішна ў вясковым жыцьці,
Доўга ляжала, чакала
Скрыпка адна у забыцьці...
("Забытая скрыпка").

Сьледам за ўводзінамі поэмы наступае пачатак дзеяньня, прычым між гэтымі двума компанентамі — зачынам і апісаньнем фабулы—існуе самая шчыльная сувязь. Раптоўнасьці пераходу, як гэта можна наглядаць у поэмах стылю романтычнага, няма. У поэме "Магіла льва" ўводзіны маюць у сабе тэму аб народным паданьні, а фабула яе і апісвае адно з такіх паданьняў. Такая-ж сувязь і ў поэме "За што?", апавяданьне аб падзеях і ўяўляе сабою адну з сумных песень, аб якой гаворыцца ўва ўступнай частцы.