Старонка:Крытыка (Гародня).pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная

КНІГАПІС

Дзьве поэмы Міхайлы Грамыкі. Выданьне БДВ, 1927 г. Цана 65 кап.

Зьмешчаныя ў зборніку поэмы „Крылан“ і „Лясьнічанка“ не зьяўляюцца новымі творамі поэты. Першая з іх друкавалася ў 1922 годзе у № 1 часопісі „Адраджэньне“, а другая ў 1924 г. ў часопісі „Полымя№ 2.

Можа з тае толькі прычыны, што поэма „Крылан“ друкавалася ў 1922 годзе, а пісалася мабыць яшчэ раней, яе зьмест надзвычайна няясны, завэлюмаваны; падаецца яна формай цяжкай, мала чытэльнай. Народніцкія мотывы, элемэнты містыкі, адсутнасьць соцыяльнай глебы, ідэалізацыя вёскі ў цэлым, бяз улічэньня спэцыфічных момантаў клясавай барацьбы, якая ўвесь час у ёй адбывалася і адбываецца, адмоўныя адносіны да гораду, — усё гэта надае поэме асаблівы прысмак, якога наша беларуская літаратура даўно ўжо пазбавілася.

Хто-ж такі Крылан? Што ён сабою ўяўляе? Гэрой якога парадку? Якое яго мэтаімкненьне? Што ён нясе з сабою і куды кліча?

Вось гэтыя пытаньні выплываюць у кожнага чытача, і мы лічым, што адпаведны адказ на іх павінен сам сабою даць грамадзкую ацэнку данай поэме.

Крылан — Ізяслаў, маладым хлопцам, калі „яшчэ вус не прашыб каляровы пакроў“, калі „яшчэ твар чырванеў, калі дзеўчыну стрэў“ застаўся сіратою, бо:

„Бацька рана матулю яго пахаваў
Каля вёскі глухой
Над Дняпром, над ракою…“

і сам узяты ў салдаты на фронт, дзе:

„Сьцюжу, слоту знасіў, слухаў выбух гранат.
Ды ад бойкі аднэй
Век-на-век супачыў“.

Такім чынам, застаўшыся зусім адзінокім, Ізяслаў:

„у чужой старане адзінота хлапчук
Сам сябе выхаваў,
Над сабой працаваў.
Ён ня ведаў радні, настаўленьняў-прынук.
З рук гатовых чужых
Ён навукі ня браў“.

Пачаўшы жыцьцёвы шлях батраком, працаваўшы кавалём, ён, урэшце, адукаваўшыся, зрабіўся праз знаёмства лятуном.

„З тых часоў палюбіў адзінокую высь.
Здолеў петлі рабіць —
То мотор затрымаць,
То кружыць каршуном, ля зямлі берагчысь
Ды сяброў лятуноў
То дзівіць, то пужаць“…

Можна было-б чакаць, што такі гарт жыцьця здолее зрабіць з Ізяслава мужнага барацьбіта, з сталёвай воляй, з пэўна акрэсьленай мэтаімкненасьцю, з пэўнымі правіламі ў жыцьці. Аднак, у поэме мы бачым зусім ня тое.

З аднаго боку Ізяслаў

„Малітвай яшчэ стогны сэрца сьцішаў.
І малітву любіў…
І на скрыдлах арла ён пяяў і чытаў.
Псалмы пеў Ізяслаў“.

А з другога боку, мы бачым нейкую плаксівасьць Ізяслава, якая амаль па кожным выпадку яго жыцьця знаходзіць сабе ўжытак:

„Псалмы пеў Ізяслаў,
Іх скрозь сьлёзы пяяў
Ці лады ён складаў, ці то сьлёзы глытaў“…