Старонка:Крытыка (Куніцкі).pdf/2

Гэта старонка не была вычытаная

Дзеля гэтага, поэта сваёй творчасьцю імкнецца ўзбудзіць прыгнечаную моладзь, імкнецца запаліць яе бадзёрасьцю для барацьбы. Ён кажа:

„Віхрыся, моладзь, мчыся ў даль.
Пакінь стагнаць, пакінь свой жаль.
Душой гары
Агнём зары.
Шукай жыцьця, шукай дабра
І зло зьнішчай усё з карня"!

З боку фармальнага, вершы Алеся Салагуба нічым не вызначаюцца. Праўда, сустракаюцца ўдалыя параўнаньні, прыгожыя вобразы, як: „гняздо зьвіла у грудзёх туга“, агністы пук, куль сонечнай саломы", „туману расплывісты кісель", „сонца крывёю рабіны ўмурзала неба", „калматыя хмары", „гучыш, як ціхі камэртон" і інш.

Але большасьць яго вобразаў і параўнаньняў занадта банальныя, якія ўжо сотні разоў выкарыстоўваліся нашымі рознымі поэтамі і пісьменьнікамі, якія сваёй трафарэтнасьцю ня робяць на чытача ўплыву. Некаторыя з іх ня зусім удалыя.

Сустракаецца часты паўтор некаторых слоў, як напрыклад такіх: смеяцца, сьмеяўся, краты, сінь.

Але ня трэба забывацца, што зборнік зьяўляецца першай спробай, першымі мастацкімі крокамі Алеся Салагуба.

Падругое, гэты зборнік, ці лепш сказаць вершы Салагуба, складаліся зусім пры іншых умовах і абставінах:

Рытмавалі іх шэрыя краты,
А тахт мераў жалезны запор.
Вось таму выглядаюць шурпатымі,
Ня блішчаць апрацоўкаю форм".

Зборнік Ал. Салагуба мы раім прачытаць кожнаму. Яго трэба набыць кожнай бібліятэцы.

С. Куніцкі.