Старонка:Крытыка (Куніцкі).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

таньне, ці варта змагацца за жыцьцё, ці варта быць нават поэтам. Ён зноў хвалюецца, зноў нэрвуецца:

«Я усхвалёваны чагосьці,
Чамусьці сэрца гэтак ные?
Ці па далёкай маладосьці?
Ці над памылкамі сваімі?».

Поэта ніяк ня можа адказаць сабе на гэтыя пытаньні, ня гледзячы на тое, што

«Жыцьцё вакол цячэ з імпэтам, —
Жыцьцё ня можа плыць іначай»

Ён кажа:

«Ці варта сёньня быць поэтай?
Ці варта лірыкай займацца?
Я штодзень думаю аб гэтым.
Ці не страшэнная памылка
У час вялікі будаўніцтва
На леры лірніку пілікаць
І з леры гэнае карміцца?

Зноў раздарожжа, зноў згублена мэта жыцьця. Спрабаваўшы ісьці па некалькіх шляхох, пабыўшы ў горадзе, паспрабаваўшы гарадзкое жыцьцë, перапалохаўшыся яго шуму, поэта зноў паварочваецца да любае вёскі. Бурлівае гарадзкое жыцьцё, шпаркае будаўніцтва ня вылечылі поэту, не разагналі яго невядомага суму. у яго зноў імкненьне ў палі...

«Сумна тут, у мурох, да адчаю.
Здэцца просіцца сэрца ў палі,
Дзе вясна залатымі ключамі
Адмыкае таемнасьць зямлі.

У поэты цяга назад, зноў цяга да перажытага. Ён сам сябе стараецца разьвесяліць, стараецца пацешыць мінулымі днямі, бярозамі, вясной.

«Ня журыся, таварыш Кляшторны,
Ня рыдай аб далёкай вясьне,
Ня рыдай...
Там пад месяцам недзе,
Дзе склікаюцца тайны начэй.
У гаі беларускую «лэдзі»
Аклікае поэт-салавей.
І яна — векавая бяроза
Лепш умее каханьне дарыць...
Ты прыпомніш юнацкія крозы,
Ты прыпомніш далёкія дні

Вось гэты блукаючы вобраз, які не знаходзіць месца ў нашай рэчаіснасьці, які часта выходзіць за межы яе, якога не здавальняе жыцьцё наогул: не здавальняюць муры, не здавальняе прырода, чужая бязьдзейнасьць, блуканьне — характэрным зьяўляецца для ўсей творчасьці поэты Т. Кляшторнага і асабліва для рэцэнзуемага зборніку «Ветразі».

Гэты вобраз ёсьць адбітак псыхо-ідэолёгіі тэй часткі сялянства, якая ня ўсілах была ўспрыняць ідэі Кастрычнікавай рэволюцыі, якая не змагла зьмірыцца з высунутай рэволюцыяй новай грамадзкай формай жыцьця. Гэты пласт сялянства ня у сілах быў пераламаць свае індывідуалістычныя погляды і ўласьніцкія тэндэнцыі, ён разьбіўся аб соцыялістычныя тэндэнцыі, аб соцыялістычную форму грамадзкай гаспадаркі, якую высунула Кастрычнікавая рэволюцыя.

Разьбіўшыся аб новае жыцьцё, адчуваючы, што стары ўклад жыцьця ўстунае месца новаму, і не зразумеўшы дынамікі гэтага новага жыцьця, гэты пласт сялянства ўпадае ў пэсымізм, губляе пуцявіну жыцьця, губляе сэнс яго. Ён (гэты пласт сялянства) кідаецца на розныя шляхі, але нідзе не атрымоўвае сабе адказу, нідзе не знаходзіць сэнсу жыцьця і тады ставіць перад сабой пытаньне:

«Мо' і жыць ня трэба і ня варта?
Мо' ня варта сэрдца надрываць ?»

Псыхоідэолёгію вось гэтага пласту сялянства поэта Т. Кляшторны ў сваёй творчасьці выявіў у дастатковай паўнаце.

Усе компанэнты яго творчасьці цалком накіраваны менавіта на выяўленьня вось гэтай псыхо-ідэолёгіі, гэтых соцыяльных поглядаў.

Калі прасачыць яго параўнаньні, яго эпітэты, мэтафары, слоўны матар'ял, то яны цалком компануюць з агульнай накіраванасьцю ўсяе творчасьці поэты, яны знаходзяцца ў цесным адзінстве і пакіраваны на адну мэту. Яго эпітэты, мэтафары, параўнаньні гучаць разьдзіраючым нутро сумам, ледзяным холадам, нявызначаным настроем, атручанай бядой.