Старонка:Крытыка (Язэп Пушча, 1926-1929).pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная

Алесь ДударСонечнымі сьцежкамі". Вершы. Выданьне ЦБ „Маладняка". 64 стар. Цана 15 к. 1925 г.

Сучасная наша крытыка і бібліографія, трэба прызнацца шчыра, мала аддае ўвагі зборнікам поэзіі і мастацкай прозы нашых маладых песьняроў і пісьменьнікаў. У гэтай галіне адчуваецца шкодны арыстократызм. Такое становішча ня спрыяе разьвіцьцю маладых талентаў, ня спрыяе поступу да новых дасягненьняў нашаму мастацкаму слову. Асаблівым консэрватызмам у гэтым вызначаецца шаноўная часопісь „Полымя". Ну хоць-бы на адзін № кніжніцы „Маладняк" там было напісана поўслова. Няма. Маўчыць, як вады набраўшы ў рот.

Так вось і з зборнікамі А. Дудара. Вышаў яго першы зборнік вершаў „Беларусь Бунтарская". Ну, дзе і хто аб ім напісаў хоць два радкі? Маўчаньне, а гэта-ж найвялікшыя моральныя мукі для поэты. Адзін яшчэ крок і ён на творчым раздарожжы. Творы-ж Алеся Дудара не заслужылі на такі трагічны лёс. У іх мы бачым орыгінальнасьць і колёрытнасьць, уласьцівую толькі Алесю Дудару. Яскрава гэта вызначана ў другім зборніку яго вершаў „Сонечнымі сьцежкамі". Вось аб гэтым зборніку і скажам некалькі слоў.

Першае, што кідаецца пры чытаньні зборніку — гэта рознастайнасьць тэматыкі. Усе вершы разьбіваюцца на шэсьць тэматычных цыкляў: Беларусь у мінулым, Кастрычнік, сягоньня, індывідуальныя перажываньні і настроі, горад і сузор'і. Ня будзем мы тут казаць: ці гэтыя тэмы зьяўляюцца новымі ў беларускай поэзіі, ці не, а толькі адзначым адно: малады наш пясьняр Алесь Дудар падыходзіць да жыцьцёвых праяў і падзей усебакова, з чулым замілаваньнем мастака, дапаўняючы ўсё гэта індывідуальнымі перажываньнямі і настроямі. Ён імкнецца зьліць у вадну сугучнасьць жыцьцё і сваю істоту, гэта дае нам упэўненасьць, што Алесь Дудар сонечнымі сьцежкамі выйдзе на прасторны сонечны шлях сваёй творчасьці. Ён ужо вызначаецца ў некаторых строфах яго вершаў, як:

І ў нязнанай, цьмянай далі
словаў новых мы шукалі,
Словаў новых мы шукалі
і ня здолелі знайсьці...
А ў жытнёвым у прасторы
рассыпалі песьні-зоры,
Рассыпалі песьні-зоры
каля возера ў трысьці.