Старонка:Крытыка (Язэп Пушча, 1926-1929).pdf/2

Гэта старонка не была вычытаная

Хоць мы тут лірычную композыцыю маем і Бальмонтаўскую, затое адчуваем беспасрэднасьць і вялікую шчырасьць настрою маладога поэты, такіх вершаў мы ў зборніку маем некалькі. Толькі вось адно мяне дэтануе: у „Сонечных сьцежках" адчуваецца падвойнасьць душы і настрояў поэты. Так, у вадным вершы ён верыць, што

Мастацкі дух ніколі не памра.
Не пахаваць яго пад курганамі,
Ня вычарпаць гадамі і вякамі.

Так мастацкі дух бясьсьмертны „ня вычарпаць гадамі і вякамі", гэта дух крылаты, з ім толькі за песьняй у пагоню. У другім-жа сваім вершы Алесь Дудар як-быццам скардзіцца, жальбуе, што ня мае крыльляў мастацкага духу:

Каб былі, каб былі ў мяне крыльлі,
Я-б за песьняй паляцеў у пагоню.

Гэта падвойнасьць адчуваецца у падыходзе і да тэматыкі:

Што капацца ў архівах стагодзьдзяў
Ды трывожыць заснуўшую цень...

І тут-жа чытаем нізку вершаў на гістарычныя тэмы, да якіх ўзяў такі эпіграф з Ул. Жылкі:

Мы любім даўныя паданьні,
Быліцы сівых песьняроў:
Няхітры іх апавяданьні
Аб справах зьбеглых ўжо гадоў.

Далей ён то поэта ўрбаністы, то поэта вёскі і г. д.

Гэта, памойму, у некаторай ступені дае нам пазнаць мастацкае „Я" поэты. Яно яшчэ ня выкрышталілася ў нешта сталае і пэўнае, яшчэ яно стаіць на сонечным раздарожжы. Бо-ж і падвойнасьць яго ня ёсьць нешта ўзьведзенае ў стройную сыстэму, a часамі звычайная супярэчнасьць фактаў і мастацкіх прыёмаў.

У цэлым мастацкай вартасьці зборніку шкодзіць:

а) Жыцьцёвая няпраўда, як:

Беларусь мая ў фабрычных трубах...

або:

А Менск толькі бровы нахмурыў,
Ашчацініўся стрэламі труб.

б) Тандэтная агітацыя:

Хай дзяўчаты да раніцы гуляюць,
Нам даклад сягоньня робіць
аграном.
Скажа, як палепшыць ураджаі,
Як змагацца з сушай і дажджом.

в) Шаблённасьць:

І Ільліч прыжмурыў вока на сьцяне.

і г) Мітынгоўшчына:

Аднаму забітаму на зьмену
Стануць сотні новых змагароў.

Да ўсяго гэтага неабходна дадаць, што Алесь Дудар часамі неахайна адносіцца да лексыкону сваёй поэзіі. Мы вельмі часта ў яго спатыкаем русыцызмы, якія на глянцавітай паверхні яго поэзіі зьяўляюцца іржавымі шрамамі. Яны часамі псуюць вельмі і вельмі мілагучнасьць яго вершаў. Каб ня быць галаслоўным, вось узоры русыцызму: нежная, ламаецца, заклубіліся, тусклы, меткія, заглохла, прычаліў, мечацца, кайма, зарыдала і інш.