Старонка:Крытыка (Язэп Пушча, 1926-1929).pdf/5

Гэта старонка не была вычытаная

А. Дудара сокамі яшчэ ўсё-ж зьяўляецца нацыянальная глеба, і за лёс яе пакуль што асаблівай боязі няма. Гэта ён пачынае ажыцьцяўляць і першай спробай зьяўляецца поэма „Шанхайскі шоўк". Сужэт для поэмы навеяны змаганьнем кітайскага пролетарыяту (кулі) за вызваленьне з-пад ангельскага капіталу.

Колькі іх, колькі!
І ўсе, як адзін,
І ўсе
толькі здань чалавека:
З голай сьпіны гэтак страшна глядзіць
сьлед ангельскага стэка.

Вось гэта соцыяльная няволя і няпраўда натхнула напісаць Алеся Дудара сваю орыгінальную поэму ў беларускай літаратуры. Ці ўдалося А. Дудару справіцца з тэмай? Бязумоўна, ўдалося. Ён даў не дакучлівую агітацыю, а паказаў нам, хоць ня зусім вытрыманыя, але ўсё-ж характары людзей: з аднаго боку, комуністага кітайца Чы-Ванга, з другога — матроса ангельца Джона.

Па эмоцыянальна-мастацкай сіле мы не знаходзім твораў аб кітайскім пролетарыяце мацнейшых і ў расійскай літаратуры (Ціханава, Беры Інбер) за гэту поэму.

А. Дудар у ёй часамі дае нам даволі трапныя малюнкі і дзікай азыяцкай прыроды:

Ад Морока да Гімалаяў
дражняць неба жоўтыя скалы:
ой, ня раз там зубы ламалі
аб белыя косьці шакалы.

Але поплеч з такімі малюнкамі ёсьць вельмі і вельмі наіўныя, як:

Кітай —
гэта жоўтая такая краіна...

Ня гледзячы на сваю тэматычную орыгінальнасьць, гэта поэма куды вышэй стаіць за шмат якія ранейшыя вершы А. Дудара з боку мовы. Тут мы ўжо амаль не спатыкаем русыцызмаў і небеларускай сынтаксычнай пабудовы, а гэта ўсё надае поэме значны плюс у яе стылістычнай лёгкасьці. Гэта поэма нам кажа, што творчасьць Алеся Дудара з кожным днём становіцца больш цікавай і больш рознастайнай. У далейшым, для соцыяльна-мастацкай каштоўнасьці, А. Дудар павінен больш увагі зьвярнуць на псыхолёгічны бок сваёй творчасьці — і ўсё-ж не павінен забывацца, што на плянэце ён "сын маладой Беларусі". Каб творчасьць яго заўсёды ня губляла соцыяльна-мастацкай вартасьці, ён павінен памятаць цьвёрда адзін тэстамант, ім-жа выказаны ў большай поэме:

Хто сказаў, што ў сягонешні дзень
Я краіне чужой малюся?..
Не забыць мне ніколі, нідзе,
Што я сын маладой Беларусі.

Язэп Кудзер.