Старонка:Крытыка (Язэп Пушча, 1926-1929).pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

акмэізм, ды не за гарамі быў і футурызм. Праўда, Купалаўскі сымболізм — гэта не Салагубаўскі, не Вячаслава-Іванавага. Сонца Купалы не салагубаўскае сонца. Няма ў Купалы і столькі містыкі, як у Вячаслава Іванавага, і ня бачыць ён цераз яе іскупленьня Беларусі. У Янкі Купалы рэалістычныя тоны ацяняе алегорычнасьць. Сьветаразуменьне Янкі Купалы не прадумана ў пляне сымболічным да яго лёгічнага канца, а таму яго і сьветаадчуваньне ўсё-ж афарбована больш у рэалістычныя тоны. Поэтыку сымболістых Янка Купала вызнаваў, дзякуючы чаму, культуру беларускага вершу ён узьняў надзвычай высока; гэта мы бачым і ў памянёных вышэй рэчах, асабліва гэтага боку яны заслугоўваюць вялізарнай увагіі цікавасьці на'т і ў сучасны момант.

Янка Купала ў гэтых сваіх рэчах выступае, як драматычны поэта, але баюся я зараз прызнаць, што гэта Купалаўскі жанр. Можа, ён яму ня зусім удаўся таму, што гэтыя рэчы распрацованы ўсё-ж у пляне сымболічным, і таму ў іх страціўся найвялікшы гэрой, дзеючая асоба — чалавек; ён тут завэлюмаваны анімізмам і містыкай; можа быць, гэта давала большы ўзьлёт творчай фантазіі поэты, якая ў некаторых мясцох мяжуе з казачнасьцю, але гэта перашкодзіла разгарнуць дзею ў драматычнай роўніцы. Такі глыбокі зьмест і такі драматычны па сваёй пульсацыі мог быць аформлен у такіх яскравых і жыцьцёвых тонах, што можна было-б паўтарыць Гётэўскія словы пра Шэксьпіра: "Нам здаецца, быццам мы стаім перад расхіненымі вялічэзнымі кнігамі самога лёсу".

Праўда, у "Адвечнай песьні" і "На папасе" перапляліся два пляны: містычны і рэалістычны, і вось, дзе пераважае другі, тыя месцы вышлі больш моцнымі па сваёй унутранай сіле і па сваім мастацкім пераконваньні. У „Адвечнай песьні" гэта будуць месцы, прысьвечаныя працы і наогул, дзе словы ўложаны ў вусны чалавека — мужыка. ХІІ песьня яе "На могілках" узвышаецца па сіле дадзенага вобразу да ІV і V сцэн І дзеі "Гамлета" Шэксьпіра, і толькі там — цень дацкага караля, а тут — цень беларускага мужыка, які хоча ведаць, патомкі яго як жывуць:

Ці песьні пяюць, ці як мухі
Ў цянётах гніюць павука?
І ўсё гаварэце мне, духі,
Што зроблена для мужыка.

"На папасе" — рэч самая аўтобіографічная з усіх, зьмешчаных у ІV томе. Тут адразу пад незнаёмым пазнаём мы Янку Купалу, які гаруе над праклятай доляй беларускага народу і які добра ўсё-ж разумее, як гэты народ, у такую цяжкую гісторычную пару, ацэньвае і ўспрыймае яго песьню:

3-ці падарожны:
І песьню так пяе працяжна!..
1-шы падарожны:
Душу, здаецца, рве яна.
2-гі падарожны:
О ці помніш усю чыста?
1-шы падарожны:
Пачатак помню ўвесь.
2-гі падарожны:
А я — сяродак галасісты.
3-ці падарожны:
А мне канец у вушы ўлез.

Мне зараз цяжка сказаць, на колькі даўгавечны гэтыя творы Купалы, які іх лес чакае ў новыя эпохі; ці здолеюць яны там заіскрыцца сваім новым сьветам і жыцьцём і ці расчытаюць нашы патомкі ў іх тое, чаго мы сягоньня ня умеем расчытваць? Гэта пакідаю без адказу...

З перакладаў — два: „Песьня аб паходзе Ігара" і опэра „Галька". Першы пераклад надзвычай удалы як блізкасьцю свайго зьместу да аўтэнтыка, так сваім мастацкім аформаваньнем. Якое мэтрычнае і строфічнае багацьце, а як магутна і вобразна гучыць беларускае мова! Затое нельга гэтага сказаць аб „Гальцы". Шмат сустракаецца зваротаў мовы не беларускай, польскай, а таксама слоў і націскаў; ды і наогул дзіўна, чым магла зацікавіць гэта шляхецкая опэра Купалу? Твор сам па сабе маламастацкі, — няўжо тым, што Манюшка напісаў да яго музыку? Да рэчы, яшчэ некалькі слоў аб мове купалаўскіх орыгінальных рэчаў гэтага тому, хоць вельмі не хацелася б мне аб гэтым гаварыць, але неяк становіцца няёмка, самому не па сабе, калі чытаеш у Купалы такі звароты:

Як фігуры выразаны,
Як бібулы маляваны.

Наогул скарочаны канчатак у прыметніках беларускай мове не па духу, а ў Янкі Купалы сустракаецца даволі часта.

Або ўжываньне такіх слоў: жалосна, папсуе, разьменіць, балесьне, бескарысьне, ісьненьня... ці: пахалі, абшырна, жалее, прыгадзіцца.. і ўрэшце, як фінал, такі радок: Калі бяда ў хаце.

Высноў я ніякіх рабіць ня буду, а ўсяго яшчэ зазначу на адно: калі зараз маладым нашым поэтам на кожным кроку крычаць — выкарыстоўвайце культурную спадчыну, дык я мушу ад сябе зазначыць: у першы чарод зьвярнецеся да поэзіі Янкі Купалы.

Я. Плашчынскі