Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/164

Гэта старонка была вычытаная

Яны накіраваліся ў Джунглі. Маці Ваўчыха выскачыла з сваёй засады.

— Ідзі за імі, — сказаў Маўглі, — глядзі, каб усе Джунглі ведалі, што гэтых двух чапаць нельга. Гукні Багіру.

Даўгі, працяглы вый узняўся і ўпаў. Маўглі бачыў, як муж Месуі ірвануўся, каб бегчы назад у сваю хату.

— Ідзіце наперад! — весела крыкнуў Маўглі. — Я-ж казаў вам, што вы пачуеце пяянне. Яно будзе праваджаць вас да Канхівары. Гэтае пяянне — Ласка Джуягляў.

Месуа ўгаварыла мужа ісці наперад. Калі цемра праглынула іх і Маці Ваўчыху, каля ног Маўглі нібы з-пад зямлі з'явілася Багіра. Яна дрыжэла ад захаплення, якое адчуваюць звяры ўначы.

— Мне сорамна тваіх Братоў! — муркнула яна.

— Ці-ж яны дрэнна спявалі для Бульдэа? — спытаўся Маўглі.

— Вельмі добра! Надта добра! Але яны прымусілі і мяне забыцца на мой гонар. Клянуся Зломаным Замком, што вызваліў мяне, я спявала на ўсе Джунглі, нібы самец перад самкай увесну. Ці чуў ты нас?

— У мяне была другая дзічына. Спытайся Бульдэа ці спадабалася яму ваша песня. Але дзе-ж Чацвёра? Я хачу, каб ніхто з Чалавечай Зграі не вышаў за ваколіцу ў гэтую ноч.