Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

чемоу“), або паядынкам („на поле битися“). У гэтым здарэньні маецца адступленьне ад поглядаў, панаваўшых у Русаў Ноўгародзкіх і Кіяўскіх, права якіх („Русская Правда“) устанаўляла пробу жалезам пры западозраньні ў крадзежы. Паядынкі, гэта быў нямецкі звычай, прыняты іхнім правам.

Пры істнаваньні некалькіх крэдытароў першым павінен быць аплачаны доўг госьця, які даў тавар на павер крывічу (пар. 10 — „аже Латинин дасть роусиноу товар свой оу долго оу Смоленск, заплатити немчиноу пьрвыие, хотя бы иномоу комоу виноват был русиноу“).

У прыпадку конфіскаціі князем маемасьці даўжніка („поток“), сьпярша аплачываецца з яго дастаткаў доўг немцу (пар. 11 — „аже разгневаиеться князе на своего члвека, а будете виноват немчицю роусин, а отимьет князе все, женоу и дети оу холопство, первое платити емоу латинину, а потомь князю какъ либо с своимь члвекомь“). Гэтак сама, ў здарэньні сьмерці даўжніка, наступнік павінен перш за ўсё вярнуць доўг госьцю (пар. 12 — „аже латинин дасть княжю холопу в заием или иномоу добромоу члвкоу, оумрете не заплатив, а кто иемльть иего остатьк, томоу платити немчиноу“).

Па поваду спаганяньня доўгу ў умове 1229 г. (як і ў смаленскай умове 1250 г., пар. 6) гаворыцца, што немца ня можна замыкаць у турму. Калі мясцовы купец не заплаціць „Латинескоу“, то апошні зьвяртаецца да цівуна, які даручае „детьскомоу“ спагнаць доўг за тавар. Калі-ж у прадоўжаньні 8 дзён ня будзе заплачаны доўг, то „дати иемоу на сьбе норука“. Але паручыцеля можа ня быць, тады, праўдападобна, наступае прадугледжаная пар. 4-м выдача з галавой крэдытару, або заключэньне даўжніка ў аковы. „Не мьтати его оу погреб, аже не боудите пороуки, то оу жельза оусадить“. Гэткім чынам закаваньне ў аковы лічыцца больш лёгкай карай чым укіданьне ў цямніцу, пры чым, мяркуючы з другіх данных, маецца на мэце памяшчэньне яго ў крэдытара, бо даўжнік аддаваўся апошняму. У 1436 годзе ўпамінаецца аб такім здарэньні, калі Крывіч (Рус) трымаў немца ў сябе пад арэштам за даўгі. Але мясцовыя жыхары могуць сілай ня даць немцу закаваць крывіча (руса); ў гэтым здарэньні яны самі адпавядаюць за доўг (пар. 22 — „аже смольняне не дадоуть иемоу воль, смольняномь платити самым, долгь платити“).

У Смаленску мы знаходзім нямецкую факторыю — гасьцінны двор і ольдэрмана, а такжа царкву: ў умове 1229 г. упамінаецца аб вагах, якія знаходзяцца ў „немецькои божници“, у пар. 41 — аб вагах, якія пераховываюцца „оу латинескои цркви“; у пар. 29-м гаворыцца аб трэцейскім судзе ольдэрмана, „роусиноу не ставити на латинескаго детьскаго, не явивше старость латинескомоу; аже не слушаиет старосты, тоть можеть на него детьского приставити“. У гэтым пастанаўленьні ня толькі выражана істнаваньне арганізаванай факторыі, але і істотнае права, прызнаванае ёй.

Ня менш важнае права ў гэтым кірунку нададзена нямецкай купецкай грамадзе па пар. 16-му: „аже латинеский гость бииеться мьжю собою оу роуской земли любо мьчем, а любо деревомь, князю то не надобе, мжи собою соудити“. Гэта паказвае на істнаваньне ў нёмцаў уласнага суда ў здарэньнях закалотаў між імі, што значыць, што немцы тут мелі ўласнае самапарадкаваньне ўнутры сваей факторыі.