Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/115

Гэта старонка не была вычытаная

двох важнейшых аб’ектаў крыўска-нямецкага торгу, воску і кажухоў, дададзена: „купити вам немцам у нас у Полотсце немецькому купцю пол берковска воску, пол тысячы белкы“. Супроць гэтага „ратьмане Ризкии“ суляць пазволіць немцам „у Полочьку торговати и с гостемь и с полочаны все сполу, то будь мало или велико во всякои торговли какы ли ни был товар“. У свой чарод і яны даюць такое-ж абяцаньне: „тако же мы хочем полочаном у Ризе чинити“.

Але гэтага яны не дабіліся. Прынцып узаемнасьці вытрыманы. Пастановай Вітаўта таргаваньне ў раздроб не пазволена госьцям ні ў Рызе, ні ў Полацку, ў дадатку аб гэтых пытаньнях павінны быць выданы асобныя пастановы. Прывілей 1468 г. гэты прынцып аканчальна замацаваў: у Полацку ўстанаўляюцца тры двохтыднёвыя кірмашы, ў прадоўжаньні якіх госьцям толькі й пазволена прадажа ў раздробніцу. Гэта звыклае выключэньне, робленае ў сярэднія вякі. Кірмашовая таргоўля знаходзілася на асобных варунках. Дзеля ажыўленьня кірмашу, каб прыцягнуць больш купцоў, што давала значны зыск князю ў форме тарговых пабораў, не рабіліся звыклыя абмежаньні: госьці карысталіся правам прытулку, ніякія рэпрэсаліі не дапушчаліся, спозыскі, зробленых да кірмашу даўгоў, не маглі мець месца, таргаваць пазвалялася ўсім і кождаму, хоць якімі таварамі і хоць у якім ліку.

Але па-за кірмашамі прывілей 1498 г. пазваляе рыжанам таргаваць у Полацку толькі агулам, пад пагрозай канфіскаціі тавараў. Прадаваць можна: сукно — толькі цэлымі штукамі, соль — мяшкамі, мушкатовы квет і мушкатовыя арэхі, галгант, цытварны карэнь, гвоздзікі, шафран і цэныя пернасьці — фунтамі, сякеры, нажы і г. п. — тузінамі, фігі і разынкі — кошыкамі, віно, піва і іншыя прывозныя напіткі — бочкамі, жалеза, волава, медзь, цыну, мосяж — цэнтнарамі. Гэтак сама закупляць тавары пазволена толькі агулам: воск па 20 фунтаў, кажухі саболіі, кунічыі, янотавыя — па 40 штук, вавёркі, гарнастаі, тхоры, ныркі — па 250 штук, паташ і дзёгаць — цэлымі тоннамі.

Урэшце, ў судовых справах угода 1406 г. робіць круты паварот у тым сэнсе, што суд адбываецца ня ў тым месцы, дзе зроблены праступак, ці усчаты суд, а на бацькаўшчыне праступніка ці даўжніка. Ў умове 1229 г. мы чытаем яшчэ: „ити истьцю к истьцю и взяти емоу та правда, которая то в том городе“, і гэтак сама ў мірнай умове з 90-х гадоў ХІІІ ст. гаворыцца: „а где будеть кто кому виноват, в томь городе правити, где тот человек живет; инде суда ему не искати, въ которои волости человек извинится (правініцца), ту ему правда дати“.

Наадварот, у грамаце 1330 году, датыкаючай ваг, высказаны ўжо іншы прынцып: „аже привезеть нечистый товар, а не люб будеть, поехати ему назад со своимь товаромь, а свой князь тамо казнить его“. Гэта частковая пастанова, тасаваная тут толькі ў здарэньні фальшаваньня тавараў, у 1406 г. атрымлівае агульны характар. „Ратмане Ризькии“ просяць „полочаном стеречи немечских купцев, как своя братя… без всякоя хитрости“ і заяўляюць, што з свайго боку „тако же мы хочем полочаном у Ризе чинити“. А да гэтага яны дадаюць: „аще которы немчин извиниться у Полочьсце, того