Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/117

Гэта старонка не была вычытаная

Тройденови изъ своей земли неволею передъ Нѣмци; онъ же прія ѣ къ собѣ и посади часть я въ Городнѣ, а часть ихъ посади Въслонимѣ (Іпат. сп. Пачат. Лет.). У 1277 годзе перасялілася цэлае племя Бортаў (Іпат. сп., пад 1277 г.). У тым-жа сьпіску летапісу, пад 1281 годам знаходзім ведамку аб Прускім князю, які служыў у дружыне князя Валадзімера Валынскага. Назова аднэй з вуліц Вялікага (Крыўскага) Ноўгараду — „Пруская вуліца“, а такжа ў Крэве „Пруская вуліца“, паказуе на сяленьне Прусаў у Крыўскім Ноўгарадзе і Крэве. Сучасьнікам Аўраамія Смаленскага быў Лука Прусін, як відаць з жыцьцёпісу Аўраамія, — адзіны з паміж манахаў цаніцель культурных пачынаньняў Аўраамія, а знача, — сам чалавек культурны. З умоў князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 г. вынікае, што як Смаленцы часта езьдзілі па Балтыцкаму пабярэжжу, так і, наадварот, многа людзей з пабярэжжа Балтыку жыло ў Смаленску, а знача, тым больш — у Вітабску і Полацку, як гарадох бліжэйшых да мора.

Акром старадаўных слядоў істнаваньня стасункаў між Крывічамі і Прусамі, маюцца і навейшыя, даволі вымоўныя данныя. Гэтак 24. V. 1925 г. ў ковенскай расійскай газэце „Эхо“ была памешчана зьменка, што прафэсар Гэруліс выкрыў (у Лейпцыгу) вялікі лік дакумантаў ХVІ ст. Знойдзеныя дакуманты адносяцца да гісторыі культуры ў Малой Літве (Клайпэдзкім краю), якая сумежыць з Прусіяй. Вось-жа з тых дакумантаў відаць, што паміж тагочаснымі дзеячамі Малой Літвы было распашырана знаньне славянскай граматнасьці, што і адбілася на найдаўнейшых помніках літоўска-прускай пісьменнасьці (Мажвідзіс і др.), мова якіх перапоўнена славянізмамі.

Прыняўшы пад увагу вышэйпрыведзеныя довады, саўсім натуральнай будзе думка, што Летапіс Прусаў, пісаны славянскімі літарамі і мовай, не зьяўляецца мітам і што старапрускія гісторыкі, якія на яго зсылаюцца, заслужываюць веры.